БАЖ рашуча асуджае рашэнне суда па справе журналісткі Кацярыны Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна
ГА "Беларуская асацыяцыі журналістаў" рашуча асуджае рашэнне суда па справе журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч і доктара Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі горада Мінска Арцёма Сарокіна. Іх прызналі вінаватымі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы (частка 3 артыкула 178 — «Разгалашэнне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы»).
Журналістка Кацярына Барысевіч пакараная пазбаўленнем волі на шэсць месяцаў калоніі, таксама яна мусіць заплаціць 100 базавых велічынь штрафу. Па словах адвакатаў Кацярыны Барысевіч, з улікам таго часу, якое Кацярына правяла ў СІЗА, на свабоду яна выйдзе крыху больш чым праз два месяцы.
Доктар Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі горада Мінска Арцём Сарокін асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штрафу ў 50 базавых велічынь. Яго вызвалілі ў зале суда.
Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, сведкі і адвакаты звязаныя падпіскай аб неразгалошванні.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала журналістку Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна, арыштаваных па справе Рамана Бандарэнкі, вязнямі сумлення.
Мы лічым прысуд палітычна матываваным, яго мэта — застрашыць усіх супрацоўнікаў медыя, каб яны не выконвалі свае прафесійныя абавязкі па асвятленню грамадска значных падзей у краіне, што па сутнасці вядзе да забароны на прафесію.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртае ўвагу, што свабода выказвання меркавання і права на распаўсюд інфармацыі гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававымі абавязацельствамі дзяржавы (у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 19).
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» патрабуе:
- Перагляду судовай пастановы па справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна;
- Вызваліць журналістку Кацярыну Барысевіч з‑пад варты;
- Спыніць пераслед журналістаў і медыя ў краіне.
Заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць падтрымаць гэтыя патрабаванні.