Беларуская асацыяцыя журналістаў стала лаўрэатам Difference Day Honorary Title у Брусэлі
Беларуская асацыяцыя журналістаў стала лаўрэатам Difference Day Honorary Title у Брусэлі (Ганаровы тытул Дня разнастайнасці).
Узнагароду ад імя БАЖ атрымліваў намеснік старшыні Барыс Гарэцкі.
Барыс Гарэцкі нагадаў пра калег, якія цяпер у несвабодзе ў Беларусі — гэта 24 асобы.
«БАЖ расцэньвае гэтую прэмію як падтрымку ўсёй незалежнай журналісцкай супольнасці Беларусі. І мы спадзяемся, што гэта зможа прыцягнуць увагу да сітуацыі са свабодай СМІ ў краіне. Нашы сэрцы сёння з тымі, хто знаходзіцца за кратамі. І нашы сэрцы з Украінай», — сказаў Гарэцкі.
Лаўрэатам стала таксама медыя The Fix, яго прадстаўляў Якуб Парусіньскі. The Fix — гэта медыя, кансультацыйная фірма і даследчы цэнтр, які асвятляе зменлівы ландшафт еўрапейскіх СМІ, тэхналогій і манетызацыі медыясферы.
Difference Day Honorary Title прысвойваецца асобам, якія ўнеслі важны ўклад у абарону і заахвочванне свабоды мыслення і выказвання ў грамадстве. Ганаровае званне прысуджаецца сумесна Альянсам Брусэльскіх універсітэтаў VUB і ULB.
У межах шэрагу мерапрыемстваў з нагоды міжнароднага Дня свабоды прэсы ў Брусэлі праходзіць шраг сустрэч і дыскусій, адна з іх прысвечана досведу журналістаў Беларусі і Украіны.
