Чарговая “ахвяра” Азаронка: маладога чалавека судзяць за “напад” на любімага прапагандыста Лукашэнкі
Суд Заводскага раёна Мінска 20 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні Арцёма Забелянкова. Яго абвінавачваюць у “нападзе на журналіста дзяржаўнага СМІ пры выкананні ім прафесійнай дзейнасці” і ўдзеле ў масавых беспарадках.
Пра завяршэнне расследавання ў дачыненні да аднаго з удзельнікаў масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Следчы камітэт адрапартаваў яшчэ месяц таму. Праўда, тады пра 25-гадовага фігуранта казалі ананімна, ягонае прозвішча стала вядома бліжэй да суда.
Акрамя традыцыйнага абвінавачання на падставе “народнага артыкула” (ч. 1 арт. 342 КК – “актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”), Арцёму Забелянкову інкрымінавалі таксама арт. 198 КК – “перашкода ў якой бы ні было форме законнай прафесійнай дзейнасці журналіста, учыненае з ужываннем гвалту або пагрозай яго прымянення”.
Паводле версіі следства, 11 кастрычніка 2020 года падчас шэсця на праспекце Пераможцаў у Мінску малады чалавек “перакрываў дарогу, перашкаджаў праезду машын хуткай дапамогі і міліцэйскай спецтэхнікі”, а таксама “наўмысна штурхануў аператара і супрацоўніка тэлеканала СТБ, спрабуючы выбіць з іх рук дарагое абсталяванне, патрабаваў спыніць здымкі”.
У судзе пацвердзілася, што пакрыўджаныя тэлевізійнікі – гэта журналіст Рыгор Азаронак і аператар Андрэй Іваненка. Як вынікае з матэрыялаў справы, менавіта яны запатрабавалі пакарання для Арцёма Забелянкова за “напад падчас асвятлення пратэснай акцыі”.
У гэтым звязку адзначаецца, што “пацярпелыя і сведкі надзвычайнага здарэння” былі апытаныя, а неназваныя “эксперты” правялі агляд відэазапісу камеры здымачнай групы “Сталічнага тэлебачання”, якая “даказвае супрацьпраўныя дзеянні трэцяй асобы”.
Акрамя таго, Арцёма Забелянкова абвінавачваюць у тым, што ў той жа дзень сумесна з іншымі асобамі браў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў.
У першым выпадку Крымінальны кодэкс прадугледжвае максімальны тэрмін зняволення да 3 гадоў, у другім — да 4 гадоў.
“Пераследуючы нізінныя мэты, пыхліва разлічваючы на беспакаранасць, некаторыя грамадзяне, дэманструючы сваю сацыяльную перавагу, аб’ядноўваліся ў злачынныя групы і ладзілі вулічныя беспарадкі, выходзілі на праезныя часткі, перакрываючы рух транспарту. Падчас вулічнага тэрору адзін з агрэсараў натхніўся заклікамі натоўпу і, сустрэўшы на сваім шляху журналіста з аператарам, наўмысна штурхнуў прадстаўнікоў здымачнай групы і спрабаваў выбіць з іх рук тэлевізійнае абсталяванне”, — распальвалі жарсці перад судом ва ўпраўленні СК па гораду Мінску.
Варта адзначыць, што дзяржаўныя медыя напоўніцу карыстаюцца сваім асаблівым статусам, і перадусім у гэтым вызначыўся ўсё той жа Рыгор Азаронак.
Летась выкладчыцу англійскай мовы Вольгу Калацкую суд прызнаў вінаватай у “злосным хуліганстве” (ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК) за тое, што жанчына падчас адной з акцый у Мінску адвесіла поўху маладому прапагандысту. Фігурантка на працэсе расказала, што была абражаная правакацыйнымі паводзінамі журналіста і ў стане эмацыйнага ўзбуджэння зрабіла “сімвалічны жэст”. Суддзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу абмежаваннем волі на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Сёлета 5 снежня Мінскі абласны суд пакараў 20 гадамі зняволення жыхара Ліды Дзмітрыя Сасноўскага. Мужчыну затрымалі 1 чэрвеня 2021 года за нібыта “арганізацыю замаху” на Рыгора Азаронка. Па ходу працэсу ў справе “Атрадаў грамадзянскай самабароны Беларусі” абвінавачанне перакваліфікавала матывавальную частку з «падрыхтоўкі» на «акт тэрарызму». Падчас дачы паказанняў Дзмітрый Сасноўскі заявіў, што пасля затрымання да яго ўжывалі гвалт і катаванні, а ў злачынства ўцягнулі падчас следчага эксперыменту.
Пры гэтым ні Следчы камітэт, ні Генпракуратура, ні Міністэрства інфармацыі ніяк не рэагуюць на фактычную забарону на прафесію для прадстаўнікоў незалежных медыя. Па надуманых прычынах за кратамі знаходзяцца больш за тры дзясяткі журналістаў, многія рэдакцыі спынілі дзейнасць альбо цяпер у вымушанай эміграцыі, а шэраг СМІ прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Аднак дзяржаўныя ведамствы згадваюць пра закон толькі тады, калі ў якасці пакрыўджаных паўстаюць лаяльныя прапагандысты.
Чытайце яшчэ:
Расследаванні ў беларускіх рэаліях: лайфхакі як здабываць і правяраць інфармацыю
«Человек с большой буквы». Памяти Олега Гулака
22 снежня пачнецца суд над журналістам і рэстаратарам Іванам Мураўёвым