Дзмітрый Наважылаў: «З Дзімам было выключна камфортна працаваць»
Дзмітрый Наважылаў: “Хоць ужо мінула столькі гадоў, вельмі цяжка казаць пра Дзіму Завадскага ў мінулым часе. Дзіма быў цудоўным чалавекам. Вельмі малады, поўны сіл, планаў на будучыню, ён сышоў ад нас.
Дзіма Завадскі быў прафесійна бездакорным чалавекам, вельмі адказным і пры гэтым надзвычай сціплым. Ён ніколі не зазнаваўся, не ўзвышаў сябе над іншымі. Ён вельмі любіў сваю працу. У чалавечым плане з ім было выключна камфортна працаваць: абавязковы, дакладны, адказны.
Ён вельмі цёпла і клапатліва ставіўся да сваёй сям’і: да Святланы, да сына, да маці, і заўсёды ім дапамагаў. Мне запомніўся выпадак, калі Дзіма рупліва выбіраў бытавую тэхніку. Яму была патрэбная лядоўня менавіта такога колеру, які б пасаваў да ўсёй кухні, і ён старанна абтэлефаноўваў усе крамы, фірмы, шукаючы патрэбны колер…
Выдатны быў чалавек. Вельмі шкада, што цяпер яго з намі няма…”
