• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзянісава і Кіркевіча аштрафавалі за сюжэт пра гродзенскія сутарэнні

    Cуд Ленінскага раёна Гродна 1 лютага разгледзеў адміністрацыйную справу Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча. Журналістаў-фрылансераў абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Суддзя Руслан Гурын прызначыў абодвум штраф у памеры 30 базавых вялічыняў.

    Нагодай для пераследу стаў відэарэпартаж, паказаны 7 снежня 2018 года на тэлеканале «Белсат», пра намер гродзенскіх гісторыкаў і грамадскіх актывістаў адкрыць для беларускіх і замежных турыстаў гарадскія сутарэнні, некаторыя з якіх датуюцца яшчэ часамі Сярэднявечча.

    10 студзеня 2019 г. старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Гродна, капітан міліцыі Вадзім Налівайка склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Алеся Кіркевіча, 25 студзеня ён ўручыў копію пратакола і Алесю Дзянісаву. Характэрна, што Вадзім Налівайка непасрэдна прадстаўляў УУС горада падчас судовага працэсу.

    На пачатку пасяджэння Вадзім Налівайка заявіў хадайніцтва пра дазвол унесці змены ў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, суддзя яго задаволіў. Пасля перапынку Алесь Дзянісаў у сваю чаргу заявіў хадайніцтва пра выклік у якасці сведкі старшага лейтэнанта міліцыі Максіма Кашкевіча, які ў пратаколе фігуруе як эксперт. Суддзя Гурын прапанаваў вярнуцца да гэтага пытання ў часе судовага пасяджэння, аднак Алесь Дзянісаў пазней не настойваў на выкліку сведкі.

    Абодва журналісты адмовіліся ад дачы тлумачэнняў падчас суда.

    Сведкамі ў працэсе выступілі фігуранты вышэйзгаданага відэарэпартажу: малодшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Ян Лялевіч і журналіст інтэрнэт-выдання Hrodna.life Руслан Кулевіч. Ян Лялевіч пацвердзіў свае ранейшыя паказанні, што даваў інтэрв’ю Дзянісаву і Кіркевічу.  

    Руслан Кулевіч папярэдне адмовіўся ў межах адміністрацыйнай справы даваць якія-кольвек тлумачэнні. На судзе ён патлумачыў, што не можа з дакладнасцю сказаць, ці даваў інтэрв’ю абвінавачаным, бо ў той час многа кантактаваў з прадстаўнікамі СМІ з нагоды выхаду яго краязнаўчай працы пра Горадню.

    Пасля невялікага перапынку суддзя Руслан Гурын прыняў рашэнне аштрафаваць Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча на 30 базавых велічынь (765 рублёў) кожнага.

    У каментары карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Алесь Кіркевіч выказаў абурэнне вынікам судовага пасяджэння і намер аспрэчыць рашэнне суддзі:

    — Вынік прадказальны, аніякіх ілюзій я не меў, наўрадці след чакаць нейкіх апраўдальных прысудаў. Паводле маіх перакананняў, журналіста трэба судзіць за паклёп, за дзейнасць супраць сваёй краіны, але не за матэрыялы пра культуру, гісторыю, турыстычны патэнцыял свайго горада. Гэта нонсэнс.

    Не хавае свайго абурэння і Алесь Дзянісаў:

    — Мяне не першы раз судзяць паводле гэтага артыкула, і ўсё было зразумела. Добра, што суддзя не цягнуў, усё прайшло досыць хутка. Было адчуванне, што пытанне палягала толькі ў памерах штрафу, мажліва, падчас перапынку адбывалася нейкае карэгаванне сумы. Я вельмі абураны тым, што судзяць за тое, што робіш культурніцкі матэрыял, цалкам бяскрыўдны, які рэкламуе і наш горад і нашую краіну. Буду абавязкова аспрэчваць рашэнне ў абласным судзе.

    На знак салідарнасці з калегамі на судовае пасяджэнне прыйшлі гродзенскія журналісты, а таксама грамадзкія актывісты.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці