Лунінец: Вераснёўскія сустрэчы разам з БАЖ
Па традыцыі штогод напярэдадні Дня Міжнароднай салідарнасці журналістаў лунінецкія “бажаўцы” сустракаюцца з вучнямі і педагогамі Лунінеччыны, распавядаюць пра арганізацыю, даюць магчымасць юным талентам паспрабаваць сябе ў творчасці.
Сёлета сябра ГА “БАЖ” Мікалай Ільючык завітаў у Багданаўскую школу. Вучні і настаўнікі пачулі пра асновы прафесіі журналіста і паабяцалі супрацоўнічаць з мясцовымі выданнямі. Вучні паўдзельнічалі ў адмысловай віктарыне, яе пераможцы і актыўныя ўдзельнікі атрымалі прызы.
Вадзім Жылко і паэт Віктар Пінігін выступілі перад першакурснікамі Лунінецкага палітэхнічнага каледжа. Госці прадставілі свае творы, паразважалі пра гісторыю, літаратуру і ўвогуле пра творчасць. Бажаўцы далі майстар-клас і ў «Прэс-цэнтры» СШ № 3.
Яшчэ дзве сустрэчы адбыліся ў Мікашэвічах: Вадзім Жылко, Мікалай Ільючык і Галіна Самуйлік пабывалі ў гімназіі імя Ул. Нядзведскага і ў мясцовай бібліятэцы, распавялі вучням пра працу журналіста. Пераможцы віктарыны атрымалі сувеніры ад ГА “БАЖ”.
