Міліцыя пакуль не праглядала відэа з камер назірання, якія маглі зафіксаваць збіццё Чалага
У ноч з 18 на 19 мая невядомыя моцна збілі эканаміста Сяргея Чалага: у яго чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа, пашкоджана вока. Адбылося ўсё ў цэнтры Мінска, каля ГУМа.
«Наша Ніва» пагутарыла з сябрам Чалага, Анатолем Сакалоўскім. Яны былі ў той вечар разам. Сакалоўскі распавёў, што з Чалым і яшчэ адным сябрам сядзеў на летняй пляцоўцы кавярні «Kuriza Pomada» па вуліцы Леніна, 8. Акрамя іх у кавярні нікога не было.
Пасля кавярня закрылася, мужчыны стаялі непадалёк, пад аркай, якая вядзе ў двор. На іх кінуліся са спіны і пачалі збіваць невядомыя, сцвярджае Сакалоўскі. Яшчэ адзін іх сябар паспеў адысці і бачыў збіццё збоку, пасля збег, за ім пабеглі двое нападнікаў, але не дагналі. Агулам нападнікаў было пяцёра, кажа Сакалоўскі.
Адбылося ўсё каля 0:30 ночы. Але міліцыя пакуль не каментуе гэтае здарэнне.
«Над справай працуем, больш нічога не магу сказаць, бо праводзяцца аператыўныя дзеянні», — адказала Наталля Ганусевіч, афіцыйная прадстаўніца ГУУС Мінгарвыканкама.
«Наша Ніва» завітала ў кавярню «Kuriza Pomada». Супрацоўніца ўстановы пазнала Чалага, кажа, пастаянны наведнік. Але сцвярджае, што ў той вечар ён да іх не заходзіў. Прынамсі, яна яго не бачыла.
Па словах персанала кавярні, міліцыя да іх пакуль не прыходзіла. Але супрацоўніцы, якая працавала ў вечар збіцця, міліцыянты званілі. Ім яна адказала тое ж самае — у вечар пятніцы Чалага не бачыла.
У кавярні відэакамер няма. Але побач ёсць некалькі — іх паставіў ГУМ. Праўда, служба бяспекі ўнівермага не толькі не дазваляе праглядаць відэа іншым асобам, але і сама не пераглядае — такія правілы.
«Толькі калі папросіць міліцыя, ім мы ўсё пакажам, — сказаў «Нашай Ніве» Валерый Пастушэнка, начальнік службы бяспекі ГУМа. — Пакуль што наконт відэа міліцыя да нас не звярталася».
Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што Чалы быў настолькі п’яны, што не мог апісаць нападнікаў. Але і сам эканаміст, і яго сябры гэта абвяргаюць.
«Мы выпілі трохі піва, але былі адэкватнымі. Нікому не перашкаджалі, гутарылі на розныя тэмы, — каментуе чуткі Чалы. — Так, я не памятаю нападнікаў, але таму, што было цёмна і яны накінуліся вельмі хутка і са спіны. Плюс — я атрымаў некалькі моцных удараў у галаву».
Таксама ён узгадаў, што незадоўга перад нападам нейкі чалавек ішоў у двор і кінуў фразу ў іх бок.
«Штосьці кшталту «што тут стаіце», дакладна я не памятаю. Мы адрэагавалі зусім не агрэсіўна, адказалі, што зараз дап’ём піва — у нас заставался паўбутэлькі — і пойдзем».
Але ці звязаны напад з тым чалавекам, Сяргей і сам не ведае. Што магло стаць прычынай збіцця, Чалы не ўяўляе. Ніякіх канфліктаў у яго ў апошні час ні з кім не было, кажа ён.