На Гомельшчыне фінансавая міліцыя прыйшла з вобшукам да журналісткі, і не толькі
У Гомелі 1 снежня супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правялі вобшук у незалежнай журналісткі Ларысы Шчыраковай.
Сілавікі прыйшлі ў прыватны дом журналісткі ў 7.15 раніцы, вобшук доўжыўся паўтары гадзіны. У выніку ў Шчыраковай забралі тэлефон, фота- і відэаабсталяванне, накапляльнікі інфармацыі (вінчэсцеры, флэшкі).
Потым Ларысу Шчыракову забралі на допыт ва ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК у Гомелі. Журналістка адмовілася сведчыць супраць сябе, карыстаючыся артыкулам 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Падрабязнасці справы, у межах якой адбыўся вобшук, яна не паведамляе, бо вусна была папярэджаная пра крымінальную адказнасць за разгалошванне матэрыялаў следства.
Вядома таксама, што ператрусы супрацоўнікі рэгіянальнага УДФР правялі ў грамадскіх актывістаў Васіля Палякова з Гомеля, Алега Карбалевіча і Валерыя Пуціцкага з Рэчыцы, Уладзіміра Целяпуна з Мазыра.
