Памяць не згасае
Лунінецкая філія ГА «БАЖ» ўганаравала памяць свайго калегі. БАЖўца Віктара Пятровіча Карповіча (Філатава, 1954-2014) не стала 1 верасня мінулага года.

У сяброўскім коле
0400
У рэдакцыі газеты «Информ-прогулка», дзе шмат гадоў працаваў Віктар Філатаў, былі ўручаны заснаваныя Лунінецкай філіяй дыпломы і прэміі яго імя – творчым асобам, што найбольш праявілі сябе за мінулы год: літаратару і краязнаўцу, аўтару 15 кніг Івану Аляксеевічу Панасюку і маладой журналістцы партала «Медиа-Полесье» Вользе Соц.

Іван Панасюк і Вольга Соц прызналіся, што вельмі кранутыя тым, што іх творчыя здабыткі адзначылі высокай узнагародай
Прэмію вырашылі зрабіць штогадовай.

Аляксандр Хаўдзееў і Андрэй Сыцін

Вольга Грыдзюшка і Сцяпан Нефідовіч
Успамінамі пра В. Філатава падзяліліся кіраўніца філіі Святлана Гарда, сябры ГА «БАЖ» Вадзім Жылко, Сцяпан Нефідовіч, Людміла Хмялеўская, Андрэй Сыцін, Максім Гарда і Вольга Соц, літаратары і педагогі Іван Панасюк, Аляксандр Хаўдзееў і Вольга Грыдзюшка, якая прачытала свой верш, напісаны год назад:
* * *
Адчуваю і боль, і віну:
Не змагла папрасіць прабачэння…
Суцяшае, што ноч не засну —
Буду думаць табе прысвячэнне.
Пры свячэнні тваёй душы
Ўжо з таго, паралельнага свету.
Гаварыў: “Не лянуйся, пішы,
Упрыгожвай часцей газету!”*
Жартаваў, нават крышачку кпіў…
Быў падтрымкай твой светлы гумар.
З дзеясловам кароткім «быў»
Прымірыцца пакуль не магу я…
Нагадаў ты нам доўга жыць,
Каб усё парабіць паспелі
Пры свячэнні тваёй душы
З неба зорнага, Касіяпеі?
(*Ён сапраўды так гаварыў…)
Усе выступоўцы адзначалі дабрыню і інтэлігентнасць Віктара Філатава, ягоны творчы талент, які ўвасобіўся ў амаль дзясятку зборнікаў паэзіі, эсэ і афарызмаў, многіх сотнях газетных публікацый. Журналіст і паэт быў таксама заснавальнікам і шматгадовым кіраўніком творчага клуба «Муза», чыя дзейнасць выходзіла далёка за межы Лунінеччыны.
Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да магілы Віктара Філатава на гарадскіх могілках.
