Полацкі РАУС шукае аўтараў журналісцкіх матэрыялаў з дапамогай высокіх тэхналогій
Полацкіх міліцыянтаў цікавіць, хто напісаў і зняў відэасюжэт пра забастоўку на ААТ “Полацк-Шкловалакно”.
З нагоды з’яўлення матэрыялаў на сайтах www.svaboda.org і www.belsat.eu супрацоўнікі Полацкага РАУС распачалі адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку М. Г. Перапечкін апытаў з гэтай нагоды траіх віцебскіх журналістаў.
“Маёр Перапечкін адмыслова прыяжджаў у Віцебск, каб апытаць мяне наконт візіту ў Полацк 13 кастрычніка. Паводле міліцыянта, літаральна праз колькі дзён у інтэрнэце з’явіліся артыкулы пра забастоўку на прадпрыемстве, якая планавалася з 1 лістапада. Таму міліцыю цікавілі прычыны і мэты маёй вандроўкі. Трэба аддаць належнае спадару Перапечкіну: ён не завёў справы супраць журналістаў адразу, а пачаў з праверкі . Яна палягала ў тым, каб давесці адпаведнасць “правапарушэння” таму, што напісана ў ч. 2 арт. 22.9. Інакш кажучы, у міліцыі імкнуліся адшукаць доказы таго, што журналісты насамрэч нешта “незаконна вырабілі і размясцілі”. Для гэтага маёр Перапечкін даслаў запыты ў РУП “Белтэлекам”, ці не адпраўляліся матэрыялы на пэўныя сайты з ip-адрасоў пэўных камп’ютараў. З такім падыходам я сутыкнулася ўпершыню”, — распавяла Алена Сцяпанава.
Насамрэч, падобная тактыка пошуку доказаў вінаватасці па артыкуле за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ ўжываецца ўпершыню. Што адказаў на запыты міліцыі РУП “Белтэлекам”, застаецца невядомым – бо адміністрацыйныя справы супраць уласна журналістаў так і не былі распачатыя, і з іх матэрыяламі калег не знаёмілі.
Алена Сцяпанава разважае, ці няма ў гэтых міліцэйскіх захадах пэўных парушэнняў:
“Мне не вядома, ці ёсць санкцыя пракурора на тое, каб даведвацца і аналізаваць тое, што я раблю ў інтэрнэце. Мне не вядома таксама, на працягу якога тэрміну гэта адсочваецца: ці былі запытаныя дадзеныя за адны суткі, або за двое, або сачынне адбываецца і дагэтуль. Я не ведаю, якія звесткі можа прадаставіць міліцыі РУП “Белтэлекам”, і ці не супярэчаць яны палажэнням Закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і ахове інфармацыі”, які закліканы абараняць маё права на прыватнае жыццё. І не толькі маё, а і маёй сям’і : у нас адзіны ip-адрас, і дзейнасць у інтэрнэце маіх родных таксама трапіла пад кантроль. Абсалютна беспадстаўна”.
На думку полацкага БАЖаўца Віктара Стукава, словы якога цытаваліся ў журналісцкіх матэрыялах пра забастоўку на ААТ “Полацк-Шкловалакно”, увага міліцыі выклікана неабыякавым стаўленнем да дзейнасці Свабоднага прафсаюза беларускага на прадпрыемстве.
“Вельмі шмат прэтэнзій з боку адміністрацыі апошнім часам было выказана на адрас “пярвічкі” СПБ на прадпрыемстве, якая папярэдзіла адміністрацыю пра забастоўку. Заява пра пачатак забастоўкі з 1 лістапада абляцела мноства беларускіх СМІ, але ўвага міліцыі чамусьці была скіраваная да віцебскіх калег-журналістаў. Атрымліваецца, што адміністрацыйная справа, хоць і не скіраваная супраць кагосьці персанальна, распачатая супраць журналістаў увогуле — за тое, што яны падалі “шкодную” інфармацыю пра абураных полацкіх рабочых”, — зазначае Віктар Стукаў.