Прадстаўнікі ўлады і праваабаронцы правядуць дыскусію аб правах чалавека. У Жэнэве
Афіцыйныя ўлады Беларусі ўпершыню за 20 гадоў паслалі ў Камітэт правоў чалавека ААН справаздачу аб сытуацыі ў краіне. Праваабаронцы Беларусі падрыхтавалі і даслалі на той жа адрас альтэрнатыўную справаздачу.
Дзьве беларускія дэлегацыі ў Жэнэве
Для ўдзелу ў абмеркаваньні афіцыйнага і альтэрнатыўнага дакладаў у Жэнэву зь Беларусі выпраўляюцца дзьве дэлегацыі. Дыскусія адбудзецца 8–9 кастрычніка.
Чакаецца, што ў склад афіцыйнай увойдуць прадстаўнік МЗС Беларусі і чыноўнікі некаторых міністэрстваў і ўстаноў. У складзе дэлегацыі праваабаронцаў будуць Валянцін Стэфановіч, Вольга Смалянка, Дзьмітры Чарных і Алег Агееў.
Альтэрнатыўная справаздача праваабаронцаў будзе абмяркоўвацца на сэсіі КПЧ ААН 8 кастрычніка ў першай палове дня; у другой палове дня ўдзельнікі сэсіі пачнуць задаваць пытаньні прадстаўнікам беларускай афіцыйнай дэлегацыі. Мяркуецца, што з гэтага моманту будзе весьціся жывая трансьляцыя на сайце ААН. Абмеркаваньне справаздач пра Беларусь працягнецца 9 кастрычніка.
У працы над альтэрнатыўнай справаздачай удзельнічалі 12 праваабарончых арганізацый, у тым ліку БХК, праваабарончы цэнтар «Вясна», Цэнтар прававой трансфармацыі, БАЖ, Дом правоў чалавека імя Звоскава, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю.
Праваабаронцы расказалі, што лічаць самымі вострымі праблемамі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Свабода асацыяцый
Паводле Вольгі Смалянкі з Цэнтру прававой трансфармацыі, у Камітэце ААН ёсьць пытаньні да Беларусі ў галіне свабоды асацыяцый.
«Два гады таму ў Беларусі прынялі міжведамасны плян каардынацыі дзейнасьці дзяржаўных органаў у вырашэньні праблемаў з правамі чалавека, але там няма ніводнага слова пра свабоду асацыяцый», — кажа Смалянка.
Дагэтуль не скасаваная забарона дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Артыкул 191 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае адказнасьць за гэта, не скасаваны, хоць зьмены ў яго ў першым чытаньні прынятыя.
«Але папраўка прадугледжвае толькі замену крымінальнай адказнасьці на адміністрацыйную, тым больш адміністрацыйнае пакараньне можна будзе выносіць без суду. Таму гэта ілюзія, што тут нешта зьменіцца рэальна», — мяркуе Вольга Смалянка.
Правы інвалідаў
Сяргей Драздоўскі з Офісу па правах людзей з інваліднасьцю заявіў, што па-ранейшаму сустракаецца з парушэньнем прынцыпу роўнасьці.
«У беларускім праве няма асобнай галіны пра дыскрымінацыю па розных прыкметах, у тым ліку інваліднасьці», — кажа Драздоўскі. Ён настойвае на тым, каб кожны новы закон, які прымаецца ў Беларусі, праходзіў экспэртызу на наяўнасьць дыскрымінацыйных прыкмет.
Катаваньні
Сяргей Усьцінаў з арганізацыі «Прававая ініцыятыва» распавёў пра катаваньні ў беларускіх вязьніцах. Дагэтуль у Крымінальным кодэксе няма асобнага артыкулу аб катаваньнях.
«Тыя артыкулы, якія згадваюць пра гэтае злачынства, не ахопліваюць усяго спэктру праблемы», — кажа Сяргей Усьцінаў.
Пры гэтым пракуратуры толькі перасылаюць скаргі на катаваньні тым, на каго скардзяцца вязьні; далей нічога не робіцца, вінаватых не караюць, кажа Усьцінаў:
«Пракуратура ператварылася ў такую „Белпошту“, бо толькі перасылае лісты са скаргамі. А Сьледчы камітэт фармальна правярае сыгналы аб катаваньнях у турмах».
Зьніклыя апанэнты ўладаў
Асобным пытаньнем стаіць нерасьсьледаваньне зьнікненьня беларускіх апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, журналіста Дзьмітрыя Завадзкага.
«Мінула болей за 18 гадоў, але выніку няма, і мы зноў і зноў будзем задаваць ураду пытаньне пра тое, што зроблена дзеля раскрыцьця гэтых злачынстваў», — паабяцаў Сяргей Усьцінаў.
Сьмяротнае пакараньне
Паводле праваабаронцы зь «Вясны» Валянціна Стэфановіча, «Беларусь ня хоча браць на сябе абавязаньні адмяніць сьмяротную кару, хоць гэта агаворана міжнароднымі дакумэнтамі, падпісанымі Беларусьсю».
Паводле Стэфановіча, камісіі па памілаваньні, якія разглядаюць прашэньні асуджаных на сьмерць, працуюць непублічна; спробы праваабаронцаў прысутнічаць на іх паседжаньнях былі адхіленыя.
Паводле Стэфановіча, цяпер 4 чалавекі ў Беларусі чакаюць выкананьня сьмяротнай кары, 2 зь іх накіравалі скаргі ў КПЧ ААН. Вядома пра 10 фактаў, калі сьмяротная кара ў Беларусі была ўжытая да асуджаных на сьмерць у той час, калі іх скаргі прынялі да разгляду ў ААН.
Свабода слова
Прадстаўнік БАЖ Алег Агееў нагадаў, што летась у Беларусі былі зафіксаваныя 103 факты затрыманьняў журналістаў. Раней гэты паказчык не падымаўся вышэй за некалькі дзясяткаў.
«Улады рапартуюць, што меншымі сталі штрафы за працу без акрэдытацыі ці што правялі кангрэс расейскамоўнай прэсы, а тым часам агульная сытуацыя пагаршаецца», — кажа Алег Агееў.
Агееў нагадаў, што ў Беларусі няма закону аб свабодным доступе да інфармацыі, дзейнічае забарона на інфармацыю для журналістаў, якія ня маюць акрэдытацыі.
«Мы прапануем адмяніць жорсткае пакараньне за зьнявагу дзяржаўных чыноўнікаў і прэзыдэнта краіны, якія чамусьці аказаліся пад большай абаронай, чым звычайныя людзі», — сказаў Агееў.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, Беларусь у апошнія гады зьяўляецца лідэрам сярод сяброў ААН у колькасьці прайграных у КПЧ ААН скаргаў грамадзянаў на дзяржаву. Пры гэтым беларуская дзяржава замоўчвае гэтыя прайграныя справы і не друкуе пра іх статыстыку, зазначылі праваабаронцы.
Правозащитники: Белорусское законодательство о СМИ требует немедленных изменений