Праваабарончая супольнасць Беларусі назвала “Журналіста года” ФОТА
10 снежня беларускія праваабарончыя арганізацыі назвалі імёны лаўрэатаў у трох намінацыях: “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Кампанія/ініцыятыва года”.
У намінацыі «Журналіст года» ў шорт-ліст увайшлі:
Сяргей Пятрухін — блогер з Брэста,
калектыў аўтараў спецпраекта TUT.BY «Если к вам пришли»,
“Журналіст года” — Ганна Соўсь, «Радыё Свабода».
Дыплом маме Ганны Соўсь спадарыні Ларысе ўручала журналістка Галіна Абакунчык.
У намінацыі «Праваабаронца года» ў шорт-ліст увайшлі:
Андрэй Завалей, кампанія памяці Мішы Пішчэўскага Справа Пі_;
Васіль Завадскі, установа «ТаймАкт».
“Праваабаронца года” — праваабаронца з Гомеля, юрыст, сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Леанід Судаленка.
“Ёсць агульныя ідэалы і прынцыпы для ўсіх праваабаронцаў, незалежна ад таго, дзе яны жывуць. Важна, што праваабарончыя ідэі пашыраюцца. Адзін мой калега сказаў, што мы не можам змяніць усё, але без праваабаронцаў дакладна было б горш”, — заўважыла падчас цырымоніі Вольга Смалянка, прадстаўніца Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.
Леанід Судаленка сказаў, што ўзрушаны і ўдзячны тым, хто ацаніў яго працу:
“Сёння мы не можам сказаць, што ў нашай краіне ўсё добра з правамі чалавека. У нас прымяняецца смяротная кара, нашыя грамадзяне не могуць бараніць свае правы ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Але ўсе разам мы робім свет крыху лепшым”.
У шорт-ліст у намінацыі «Праваабарончай кампаніяй/ініцыятывай года» трапілі Кампанія «Вярнуць чалавека» і цыкл мерапрыемстваў «Футбол для ўсіх».
Лепшая «Праваабарончая кампанія года» — Кампанія супраць пабудовы акумулятарнага завода ў Брэсце.
Прадстаўнік кампаніі Раман Кісляк адзначыў, што актывісты з Брэста адчуваюць падтрымку іх справы.
“Гэта ж не толькі пра экалогію, наша кампанія і пра права на мірныя сходы, права быць абраным, права на інфармацыю і шмат што яшчэ. Завод не працуе пакуль, але ён цалкам гатовы і можа быць у любы момант запушчаны. Наша грамадская кампанія працягваецца, працягваецца пераслед нашых актывістаў. Літаральна сёння быў суд і вынесены штраф нашаму актывісту Андрэю Сліжу. Мы будзем змагацца за тое, каб правы чалавека ў Беларусі не парушаліся”.
У шорт-ліст трапілі Кампанія «Вярнуць чалавека» і цыкл мерапрыемстваў «Футбол для ўсіх».
Вёў цырымонію Алег Агееў — намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
***
Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе «Праваабарончым альянсам». З 2011 года яна з’яўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасці. Прэміяй за абарону каштоўнасцяў правоў чалавека штогод адзначаецца «Праваабаронца года», «Журналіст года», «Адвакат года» (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе — «Кампанія / ініцыятыва года».
У арганізацыйны камітэт прэміі ўваходзяць: ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Камітэт «Салідарнасць», Цэнтр прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.
Главред БелаПАН Ирина Левшина — лауреат Правозащитной премии
Лаўрэатка Праваабарончай прэміі 2017 года — журналістка Радыё «Свабода» Галіна Абакунчык ФОТАРЭПАРТАЖ
У Мінску названыя лаўрэаты прэміі беларускай праваабарончай супольнасці (ФОТА)
Сябры БАЖ уганараваныя праваабарончымі прэміямі