Прэзідэнт ЕФЖ “раз’юшаны ростам штрафаў” беларускім фрылансерам
“Еўрапейская федэрацыя журналістаў” моцна занепакоена ростам колькасці штрафаў, якія накладаюць на беларускіх фрыланс-журналістаў паводле артыкула 22.9 КаАП.
Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, размешчанай на сайце ЕФЖ 8 чэрвеня.
ЕФЖ асобна згадвае выпадкі Вольгі Чайчыц, Сяргея Краўчука і Аліны Літвінчук.
“Я раз’юшаны тым ростам штрафаў, якія атрымалі журналісты за апошнія месяцы. Такія практыкі эфектыўна забараняюць працу журналістаў”, – кажа Могенс Бліхер‑Б’ерэгард, прэзідэнт ЕФЖ. “Нядаўнія судовыя штрафы Вользе Чайчыц, Сяргею Краўчуку і Аліне Літвінчук падкрэсліваюць неабходнасць вырашаць гэтае пытанне неадкладна”, – кажа сп. Могенс.
На момант прыняцця заявы яе аўтары яшчэ не ведалі пра штрафы Кастусю Жукоўскаму і Наталлі Крывашэй, а таксама пра новы суд над Жукоўскім, які мае адбыцца 9 чэрвеня.
Нагадаем: на штогадовым з’ездзе 2 чэрвеня ў Будве ЕФЖ таксама прымала заяву па сітуацыі журналістаў-фрылансераў у Беларусі. Заяву накіравалі ў тым ліку міністру інфармацыі Ліліі Ананіч, заклікаючы вырашыць праблему.
