• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што рабіць, калі вас абразілі альбо зняважылі? Парады юрыста

    Журналісты час ад часу скардзяцца на тое, што ў сваёй працы сутыкаюцца з не зусім адэкватнай рэакцыяй як простых грамадзянаў, так і прадстаўнікоў улады. Часам справа даходзіць нават да абразаў і знявагаў у бок прадстаўніка СМІ.

    Як лепш абараніць сябе ў такой сітуацыі, распавядае юрыст Алег Агееў.

    – Абарона гонару і годнасці грамадзяніна з’яўляецца адной з важных функцый дзяржавы. Калі гонар і годнасць чалавека нехта парушае, зразумела, што трэба прасіць у дзяржавы абароны парушанага права. Пытанне, у якой форме гэта рабіць?

    Беларуская асацыяцыя журналістаў паслядоўна займае пазіцыю дэкрыміналізацыі дэфамацыйных складаў у крымінальным і адміністрацыйным кодэксе. Гэта значыць, што мы выступаем супраць таго, каб пакаранне за дэфамацыю не прадугледжвалася гэтымі “карнымі” кодэксамі. Таму, на мой погляд, падача заявы ў міліцыю не з’яўляецца эфектыўным механізмам абароны ў выпадку абразы ці паклёпу.

    Я заўсёды раю, калі нешта падобнае адбылося і ёсць нейкія доказы здарэння, лепш звяртацца ў суд з грамадзянскім іскам аб абароне гонару і годнасці. А калі журналіста зневажаюць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, то трэба ўлічваць, што існуюць механізмы абскарджвання дзеянняў такіх чыноўнікаў.

    Калі ж абразы ці знявагі носяць прыкметы іншага правапарушэння альбо злачынства – напрыклад, пагроза забойства, пашкоджання маёмасці ці перашкоды журналісту выконваць свае прафесійныя абавязкі – тут ужо будуць іншыя адміністрацыйны ці крымінальны склад, і таму ў такой сітуацыі трэба звяртацца ў міліцыю ці ў следчы камітэт з адпаведнай заявай.

    Таму я раю ва ўсіх падобных выпадках найперш паклапаціцца пра нейкія доказы тых ці іншых абразаў ці знявагаў. Гэта могуць быць паказанні сведак, дыктафонны запіс, відэазапіс, захаванае паведамленне ў мэсэнджары і многае іншае – у залежнасці ад таго, у якой форме адбыўся канфлікт.

    Пасля гэтага я б параіў калегам звярнуцца да адваката ці юрыста, напрыклад, у ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, каб атрымаць у юрыста кансультацыю, як дакладна дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі і як той ці іншы інцыдэнт варта кваліфікаваць.

    І пасля гэтага ўжо альбо звяртацца ў суд з іскам аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, альбо ў скрайнім выпадку – у міліцыю.

    Але калі цвяроза паглядзець на рэчы, думаю, не варта спадзявацца, што міліцыя будзе зацікаўленая расследаваць падобны выпадак. У грамадзянскім жа працэсе па абароне гонару і годнасці чалавек сам зможа прадстаўляць доказы і спрабаваць праз суд аднавіць справядлівасць. Нават шляхам патрабавання грашовай кампенсацыі.

     

    Фота joya.life

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці