Справа Шарамета: дапытана больш за 500 чалавек, прапрацоўваюць 4 версіі
У расследаванні забойства журналіста Паўла Шарамета дапытана больш за 500 чалавек, следства адпрацоўвае 4 версіі.
Пра гэта ўвечары 21 жніўня ў эфіры тэлеканала «112 Украіна» заявіў першы намеснік старшыні Нацпаліцыі Вадзім Траян.
«Праца па гэтай справе працягваецца па 4‑х версіях, як паведамлялася раней. З іх ні адна не адпала, мы іх падмацоўваем», — паведаміў ён. Пры гэтым Траян адзначыў, што зараз складана замацаваць якую-небудзь з існуючых версій як асноўную.
Ён дадаў, што ў часе следства таксама вывучана каля 2 Гб відэа, канфіскаваных з камер відэаназірання паблізу месца трагедыі. «Было 3 Гб, канфіскацыя відэа працягваецца, цяпер ёсць яшчэ дадаткова 2 Гб», — дадаў Траян.
Заснавальнік «Беларускага партызана» і адзін з кіраўнікоў «Украінскай праўды» Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня ў Кіеве ў выніку выбуху машыны, якая належала кіраўніку выдання Алене Прытуле. Выбуховая прылада, якая падарвала аўтамабіль, была закладзеная блізка да месца кіроўцы.
Паліцыя кваліфікавала тое, што адбылося па артыкуле «наўмыснае забойства, здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх асоб».
Генпракурор Украіны Юрый Луцэнка назваў асноўнай версіяй забойства Шарамета помсту за яго прафесійную дзейнасць.
Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў заявіў, што Нацпаліцыя гатовая заплаціць 200 000 грыўняў за любую інфармацыю, якая тычыцца забойства журналіста Паўла Шарамета.
19 жніўня старшыня Нацпаліцыі Хація Дэканаідзэ заявіла аб адсутнасці вялікага прагрэсу ў справе расследавання забойства Шарамета і адзначыла, што катэгарычна супраць выдавання любых дэталяў расследавання.