• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд не задаволіў скаргу адваката Паўла Падабеда

    5 красавіка суд Партызанскага раёна Мінска разглядаў скаргу абароны відэааператара Паўла Падабеда. Адвакат намагаўся аспрэчыць беспадстаўнае ўзяцце пад варту журналіста, які не ўчыняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў, а таму не заслугоўвае такой меры як зняволенне. Хадайніцтва было адхіленае.

    Адметна, што скарга слухалася ў закрытым рэжыме, так пастанавіў суддзя Аляксандр Супічэнка. Падобны фармат усё часцей выкарыстоўваецца ў палітычных справах, асабліва калі яны тычацца «экстрэмісцкіх артыкулаў» — маўляў, публічнае разгалошванне звестак супярэчыць абноўленаму заканадаўству. 

    Па выніках кулуарнага пасяджэння суд не знайшоў падставаў, каб стаць на бок абвінавачанага, адпаведна, Паўла Падабеда працягнуць трымаць у СІЗА № 1 Мінска.

    На пачатку красавіка скончыўся двухмесяцовы тэрмін папярэдняга ўтрымання журналіста пад вартай. Па яго сканчэнні Паўла Падабеда мусілі або вызваліць на падставе няспраўджаных падазрэнняў у здзяйсненні «злачынства», або прызнаць абвінавачаным.

    Той факт, што ён застаецца за кратамі, сведчыць пра адно: справа відэааператара будзе накіравана ў суд. Як раней паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў, яму інкрымінаваны артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

    Паўла Падабеда затрымалі сёлета 20 студзеня і першапачаткова пакаралі 15 суткамі арышту. Сілавікі ў літаральным сэнсе «адкапалі» спасылкі ў ягоных сацсетках ажно за 2012 год і абвінавацілі ў тыражаванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — пры тым, што падобных статусаў у незалежных СМІ тады не было.

    Суд не стаў разбірацца ў «дробных нюансах» і на падставе адміністрацыйнага артыкула 19.11 пакараў журналіста 15 суткамі арышту з адбыццём у ІЧУ Мінскага раёна.

    Аднак напярэдадні меркаванага вызвалення Паўла забралі на допыт, пасля якога ён апынуўся ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. І ўжо там прад’явілі «спрыянне экстрэмізму». Канкрэтныя эпізоды пакуль не агалошваюцца, санкцыя артыкула 361–4 прадугледжвае пазбаўленне волі ад 2 да 6 гадоў ці так званую «хімію» на тэрмін да 4 гадоў.

    28 лютага праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітычным вязнем.

    Павел Падабед больш за два дзясяткі гадоў у якасці фатографа і відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыя, не маючы праблем з законам. Яго затрымалі 20 студзеня — літаральна за дзень да таго, як ён планаваў на нейкі час выехаць за мяжу. Калегі з гэтага робяць выснову, што за журналістам ужо сачылі, ведаючы пра яго намер пакінуць краіну.   

    Чытайце яшчэ:

    «Чарговая спроба адарваць ад аўдыторыі». Чаму на асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках сталі чапляць экстрэмісцкі цэтлік?

    «Для мозга волк в лесу и новость об очередном задержании — похожие события». Врач-психиатр — о хроническом стрессе и том, как с ним жить

    Заява аб прызнанні Аляксандра Манцэвіча палітычным зняволеным

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці