Суд у Рэчыцы: міліцыі дастаткова рапарта, каб вінаваціць журналіста ў адміністрацыйным правапарушэнні
Рэчыцкі раённы суд 30 кастрычніка распачаў разгляд адміністрацыйнага пратакола паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП у дачыненні журналіста-фрылансера Андрэя Мядзведзева.
У верасні Андрэй разам з яшчэ адным рэчычанінам патрапіў у сюжэт спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” пад назвай “Змагаешся за свае правы —будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў”.
У ім гаворка ішла пра жыхара Рэчыцы Дзяніса Барсукова, супраць якога міліцыя аднавіла закрытую паўгода таму крымінальную справу нібыта за махлярства з тэлефонамі. Сам Барсукоў перакананы, што закрытая справа адноўлена ў звязку з ліпенскім канфліктам у мясцовай палікліцы, дзе ён зняў на відэа вялікія чэргі да лекараў. З‑за гэтага ў лячэбнай установе ўзнікалі спрэчкі, разбірацца ў якіх даводзілася і міліцыі. Гараджане наракалі на арганізацыю медычнай дапамогі ў горадзе. Відэаздымкі былі выкладзеныя на YouTube, у некаторых недзяржаўных выданнях.
Сведкам у судзе супраць журналіста выступіў аўтар адміністрацыйнай справы, участковы інспектар Рэчыцкага РАУС Аляксей Цімошчанка.
Суддзя Марыя Кацуба, якая разглядае адміністрацыйную справу, запыталася ў міліцыянта, чаму не апытаны герой відэасюжэту, не высветлена, хто рабіў відэаздымкі?
“У райаддзел міліцыі з УУС Гомельскага аблвыканкама паступіў рапарт з рэзалюцыяй на складанне пратакола. Я і склаў пратакол”, — патлумачыў участковы Цімошчанка.
Рапарт паходзіў ад старшага інспектара ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкама, падпалкоўніка міліцыі Зуева. Ён маніторыў інтэрнэт і выявіў на сайце тэлеканала “Белсат” вышэйзгаданы відэасюжэт, у кадр якога і патрапіў журналіст Мядзведзеў. Гэтага аказалася дастаткова, каб распачаць супраць журналіста-фрылансера адміністрацыйную справу.
“Улады заўважылі новае імя ў журналісцкай супольнасці рэгіёна і вырашылі прэвентыўна ўжыць адміністрацыйныя захады, каб запужаць і мяне, і ўсіх іншых, хто можа збіраць і распаўсюджваць непадцэнзурную інфармацыю”, — лічыць Андрэй Мядзведзеў.
Суд над журналістам-фрылансерам будзе працягнуты 1 лістапада. На пасяджэнне ў якасці сведкі выклікаюць героя відэасюжэту Дзяніса Барсукова.