У дачыненні да брэсцкага фрылансера Яўгена Скрабца заведзена новая справа
15 сакавіка сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” быў выкліканы позвай у апорны пункт міліцыі Ленінскага РАУС Брэста.
Як распавёў Яўген Скрабец, участковы інспектар міліцыі Уладзімір Клышко склаў на яго адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Падстава для гэтага — сюжэт на сайце “Радыё Рацыя”, прысвечаны выставе ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, дзе прэзентавалі адзін з сімвалаў горада — сярэднявечную фігуру шахматнага караля.
Разгляд гэтай адмінстрацыйнай справы пройдзе 29 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Брэста.
Нагадаем, што сёлета да суда дайшла іншая справа Яўгена Скрабца, аднак яна была спыненая, бо скончыўся тэрмін адміністрацыйнага спагнання.
У мінулым годзе Яўген Скрабец быў тройчы аштрафаваны за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі і агулам пакараны на 65 базавых велічынь (1 592.5 рублі).
