У Facebook з’явіўся фэйкавы акаўнт праваабаронцы Паўла Левінава. Распаўсюджваюць кампрамат ад яго імя
Людзі пачалі абурацца, таму стваральнікі фэйкавай старонкі абмежавалі магчымасць каментароў і допісаў. Левінаў напісаў скаргу, каб несапраўдны акаўнт быў выдалены.
Пра з’яўленне карыстальніка Facebook пад імем Pavel Levinoff стала вядома раніцай 31 студзеня. На старонцы быў толькі партрэт, скапіраваны з рэальнага фотаздымка праваабаронцы, і спасылкі на два відэаролікі. У абодвух — спрабы скампраметаваць актывіста Партыі БНФ і руху “За Свабоду”, удзельніка сёлетніх выбараў Хрыстафора Жаляпава.
Праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Павел Левінаў пацвердзіў, што не мае аніякага дачынення да новага акаўнта. А спробы скарыстацца ягоным імем тлумачыць пачаткам выбарчай кампаніі:
“Такія “фэйкі” звычайна вырабляюць, калі адбываюцца нейкія значныя грамадскія падзеі. У краіне ідзе выбарчая кампанія, таму адпаведныя структуры надаюць шмат увагі кандыдатам. Маю актыўнасць у Віцебску таксама ведаюць. А хто не ведаў, мог даведацца: зусім нядаўна адбылася прэм’ера фільма “Ён такі, Павел Левінаў”. Я займаюся назіраннем за выбарчай кампаніяй, фіксуючы парушэнні заханадаўства. І адсочваю лёс замежнага грамадзяніна Алана Сміта, правы якога парушаюцца ў калоніі “Віцьба”, і давёў да ведама грамадскасці, што наш абласны суд вынес смяротны вырак грамадзяніну, што дагэтуль не было зафіксавана ў афіцыйный статыстыцы. Таму я гатовы да любых правакацый”.
Неабыякавыя сябры ў Facebook пачалі абурацца фэйкавай старонкай, і стваральнікі былі вымушаны абмежаваць магчымасці допісаў і каментавання. Перад тым былі выдалены ўсе запісы іншых карыстальнікаў.
Да гонару Fb-сяброў Паўла Левінава, на правакацыю не павёўся ніводзін чалавек, хаця пра спробы “пасябраваць” заяўлялі многія. Некаторым людзям спасылкі на ролікі з кампраматам нехта Pavel Levinoff дасылаў і ў прыватныя паведамленні.
Сапраўдны Павел Левінаў напісаў скаргу кіраўніцтву Facebook, каб несапраўдны акаўнт быў выдалены. Але спробы дыскрэдытацыі працягваюцца: відэаролік, які не атрымалася распаўсюдзіць ад імя віцебскага праваабаронцы, невядомыя “добразычліўцы” размясцілі ў суполцы «Типичный Витебск» сацыяльнай сеткі “ВКонтакте”.
Што да спробаў скарыстацца добрымі імёнамі незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў, то гэтая з’ява ў сацыяльных сетках далёка не новая. У снежні мінулага года невядомыя выклалі ў інтэрнэт-сеціва відэаролік, дзе былі выкарыстаны матэрыялы сюжэта, паказанага на тэлеканале “Белсат”, — для дыскрэдытацыі полацкіх БАЖаўцаў, прафсаюзных актывістаў Мікалая Шараха і Віктара Стукава. Пра выпадкі, калі ў сацыяльных сетках невядомыя асобы змяшчалі абразы і паклёпніцкія звесткі, распавядалі гомельская журналістка Ларыса Шчыракова, віцебскія сябры БАЖ Алена Сцяпанава і Алена Шабуня.