У Віцебску адкрылася персанальная фотавыстава “бажаўца” Юрыя Шэпелева
Экспазіцыя складаецца з 60-ці творчых прац фотамайстра, яна экспануецца ў абласным краязнаўчым музеі. Гэтая фотавыстава — усяго толькі невялічкая частка фатаграфічнага “скарбу” Юрыя Шэпелева: ён штодня выходзіць з фотаапаратам на вуліцы Віцебска, а штовечар прыхільнікі ягонай творчасці чакаюць “фотасправаздач” у сацыяльных сетках. Прычым колькасць тых, хто чакае з’яўлення новых здымкаў віцебскіх краявідаў, з кожным днём усё больш: фатограф мае некалькі адмысловых груп у сацыяльных сетках, удзельнічае ў фотаконкурсах, ягоныя працы выкарыстаныя ў турыстычных каталогах і г. д.
Юрый Шэпелеў заўсёды падтрымлівае творчыя ініцыятывы віцебскай суполкі ГА “БАЖ”: некалькі разоў ён браў удзел у “фотасушках”, ягоныя здымкі былі выкарыстаныя для вырабу сувенірных блакнотаў і паштовак, якія выдаваліся дзеля падтрымкі сябраў ГА “БАЖ”, што трапілі пад рэпрэсіі за журналісцкую дзейнасць. Апошнія гады фатограф супрацоўнічае з інтэрнэт-выданнем “Народныя Навіны Віцебска” і заўжды гатовы дапамагчы калегам-журналістам, калі яны шукаюць для сваіх матэрыялаў здымкі Віцебска розных часоў.
На фотавыставе “Калі ў Віцебск прыходзіць вясна” экспануюцца здымкі Юрыя Шэпелева, зробленыя на працягу апошніх пяці гадоў у вясновым горадзе. Па сканчэнні выставы ўсе працы ён падорыць Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею.