Выракі па “справе БелаПАН” – помста за прафесійную працу і пазіцыю. Заява БАЖ
Мінскі абласны суд вынес вялікія турэмныя тэрміны па крымінальнай справе супраць супрацоўнікаў найстарэйшага недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
Былому намесніку дырэктара інфармагенцтва Андрэю Аляксандраву вырак — 14 гадоў пазбаўлення волі (яго прызналі вінаватым у арганізацыі пратэстаў, ухіленні ад выплаты падаткаў, стварэнні «экстрэмісцкага фармавання БелаПАН» альбо ўдзеле ў ім і ў здрадзе дзяржаве).
Ягонай жонцы Ірыне Злобінай вырак — 9 гадоў пазбаўлення волі (абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў і здрадзе дзяржаве).
Былому дырэктару БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву вырак — 6 гадоў пазбаўлення волі (абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і стварэнні «экстрэмісцкага фармавання БелаПАН»).
Галоўнай рэдактарцы Ірыне Леўшынай вырак — 4 гады пазбаўлення волі (прыўналі вінаватай у стварэнні «экстрэмісцкага фармавання БелаПАН» альбо ўдзеле ў ім).
Беларуская асацыяцыя журналістаў ад першага дня пераследу лічыць крымінальную справу БелаПАН цалкам палітычна матываванай. Прадстаўнікі выдання абсалютна законна выконвалі свае прафесійныя абавязкі і да самога арышту заставаліся прыкладам высокага стандарту беларускай журналістыкі. Мы перакананыя, што пераслед супрацоўнікаў БелаПАН прывёў да заўчаснай смерці ў 2018 годзе заснавальніка і кіраўніка інфармагенцтва Алеся Ліпая.
Завядзенне крымінальнай справы і агромністыя выракі па “справе БелаПАН” — нішто іншае, як помста прадстаўнікам медыя за сумленную працу і пазіцыю.
Беларуская асацыяцыя журналістаў рашуча пратэстуе супраць расправы над калегамі і патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх трыццаці прадстаўнікоў медыя, якія на сёння знаходзяцца за кратамі.
Чытайце яшчэ:
Фігурантаў справы БелаПАН засудзілі на значныя тэрміны зняволення – ад 4 да 14 гадоў
КДБ папоўніў свой “тэрарыстычны спіс” палітзняволеным журналістам Андрэем Пачобутам
Справа журналіста «КП у Беларусі» Генадзя Мажэйкі паступіла ў суд
