• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Павел Дайлід просіць распачаць крымінальную справу за ўзлом яго смартфона. Падазрае ў гэтым міліцыю

    Рэдактар інфармацыйнага сайта “Першы Рэгіён” Павел Дайлід звярнуўся з заявай у Следчы камітэт, ён просіць распачаць крымінальную справу па факту несанкцыянаванага доступу да яго асабістага мабільнага тэлефона. Журналіст перакананы, што інцыдэнт здарыўся ў той час, калі ён знаходзіўся ў Івацэвіцкім раённым аддзеле міліцыі.

    Нагадаем, што 24 снежня 2020 года Дайліда супрацоўнікі міліцыі затрымалі і даставілі ў Івацэвіцкі РАУС для апытання ў якасці сведкі па здарэннях у раёне, да якіх журналіст не меў ніякага дачынення.

    На час знаходжання ў міліцэйскім пастарунку журналісту настойліва прапанавалі пакінуць тэлефон і іншыя асабістыя рэчы ў камеры захоўвання РАУС. Паводле слоў Паўла Даліда, пакуль ён адказваў на пытанні міліцыянтаў, з яго тэлефонам адбыліся незразумелыя рэчы.

    “У перыяд, калі мяне апытвалі, было зроблена незаконнае завалоданне тэлефонам і несанкцыянаваны доступ да маёй асабістай перапіскі, а таксама зроблены шэраг дзеянняў, якія даказваюць незаконнае карыстанне тэлефонам трэцімі асобамі”, — кажа рэдактар сайта “Першы Рэгіён”.

    Доказам несанкцыянаванага доступу ў тэлефон падчас знаходжання ў будынку Івацэвіцкага РАУС Павел Дайлід называе той факт, што менавіта ў гэты час з дапамогай яго тэлефона былі выдаленыя асобы альбо групы з некаторых чатаў у Viber і Telegram.

    Журналіст тлумачыць, што ў гэтых групах ён быў адмінстратарам і выкарыстоўваў чаты выключна для распаўсюду матэрыялаў з сайта 1reg.by, каб прыцягнуць карыстальнікаў.

    “Дазволу на карыстанне тэлефонам я не даваў. Ніякіх працэсуальных дакументаў на агляд тэлефона мне таксама не прад’яўлялі”, — напісаў журналіст у сваёй заяве ў Івацэвіцкі раённы аддзел Следчага камітэта.

    Павел Дайлід лічыць, што ў дадзеным выпадку груба парушаныя яго канстытуцыйныя правы — адбылося незаконнае завалоданне маёмасцю і парушэнне таямніцы перапіскі.

    Журналіст бачыць у гэтым прыкметы крымінальнага злачынства і просіць Следчы камітэт распачаць крымінальную справу паводле артыкула 203 КК Рэспублікі Беларусь (“Парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў”). А таксама прагледзець запісы з камер відэаназірання, размешчаных у Івацэвіцкім РАУС, і правесці праверку на паліграфе асоб, адказных за захаванасць маёмасці ў камеры захоўвання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці