Журналіста-фрылансера Жукоўскага аштрафавалі і пазбавілі пасведчання кіроўцы
На Кастуся Жукоўскага, якога супрацоўнікі ДАІ 21 ліпеня падчас затрымання прыкавалі кайданкамі да дрэва, склалі адразу два адміністрацыйныя пратаколы — за непадпарадкаванне і абразу, а таксама на 1 год пазбавілі пасведчання кіроўцы.
“З ДАІ мяне адвезлі ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля, дзе суддзя Аляксандр Піскуноў пакараў мяне штрафам на 21 базавую велічыню (483 рублі). Я прызнаў, што сказаў на адрас аўтаінспектараў, якія мяне затрымлівалі, пару грубаватых слоў. У мяне сёння шмат грамадскіх спраў, а яны ні з таго, ні з сяго цягнулі ў аўтаінспекцыю. Была б ужо позва, а я не прыйшоў — іншая справа. А то еду па вуліцы, а мяне, як наўмысна, спыняюць і патрабуюць тэрмінова ехаць у аўтаінспекцыю”, — распавёў Жукоўскі службе маніторынгу ГА «БАЖ».
Але яшчэ больш фрылансера абурыла надзвычай хуткае пазбаўленне пасведчання кіроўцы.
“Пакуль складалі пратаколы, пазбавілі і правоў — літаральна за 15 хвілінаў. Лічу, што праз аўтаінспекцыю і міліцыю мне помсцяць за маю журналісцкую дзейнасць. Адабраўшы пасведчанне кіроўцы, мяне пазбаўляюць магчымасці хутка перамяшчацца і здымаць падзеі”, –— кажа Кастусь.
Пасля відэаздымак судовага пасяджэння ў адміністрацыйнай справе блогера Максіма Філіповіча Жукоўскі з калегамі ехаў на сваёй аўтамашыне па вуліцы Міжгародняй, яго спыніў падпалкоўнік ДАІ. Не называючы сябе, запатрабаваў дакументы і загадаў ехаць у ДАІ на той падставе, што раней у Добрушы Жукоўскі нібыта парушыў правілы дарожнага руху. Калі Кастусь заўпарціўся, падпалкоўнік выклікаў падмогу, і міліцыянты з прымяненнем кайданкаў гвалтам прыкавалі Кастуся да дрэва.
Сёлета на падставе міліцэйскіх пратаколаў суды чатыры разы штрафавалі Жукоўскага за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Пяты штраф Жукоўскаму вынес намеснік начальніка Гомельскай мытні — за фотаздымкі на памежным пераходзе “Новая Гута”. Агульная сума штрафаў з улікам гэтага склала ў Жукоўскага 5 543 рублі.