• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Хільмановіча аштрафавалі за ўдзел у акцыі памяці паўстанцаў 1863 года

    3 снежня ў судзе Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы гродзенскага грамадскага актывіста і журналіста, аўтара перадач на “Радыё Рацыя”, сябра ГА “БАЖ” Уладзіміра Хільмановіча. Суддзя Жанна Салагубік пакарала яго штрафам у памеры 15 базавых велічыняў за нібыта арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч. 1 арт. 23.34 КаАП РБ).

    Уладзімір Хільмановіч 27 кастрычніка ўдзельнічаў у штогадовым ушанаванні памяці паўстанцаў 1863 года ў г. Свіслач і ў вёсцы Якушоўка – мясцінах, непасрэдна звязаных з Кастусём і Віктарам Каліноўскімі.

    “Гэтая справа поўны абсурд, бо я не арганізоўваў і не ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, але ўшаноўваў памяць продкаў. Гэта права гарантаванае нам Канстытуцыяй”, — зазначыў у каментары карэспандэнту Cлужбы маніторынгу ГА “БАЖ” Уладзімір Хільмановіч.

    З судовым рашэннем Уладзімір Хільмановіч не згодны і збіраецца абскарджваць яго ў Гродзенскім абласным судзе. У выпадку адмоўнага рашэння не выключае магчымасці звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН.

    Раней у судзе Свіслацкага раёна адбыліся аналагічныя судовыя працэсы над іншымі ўдзельнікамі сёлетняга Дня памяці. Усе яны скончыліся адміністрацыйнымі штрафамі. 23 лістапада суддзя Свіслацкага райсуда Аляксандр Шылін за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве аштрафаваў на 15 базавых велічыняў журналіста і праваабаронцу Віктара Сазонава, які рабіў прававы маніторынг Дня памяці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці