CPJ пра пакаранне беларускіх журналістаў за лайкі і рэпосты ў Facebook: Гэта новае дно, нават з улікам працяглых рэпрэсій
Камітэт абароны журналістаў (Committee to Protect Journalists, CPJ) апублікаваў заяву з нагоды пераследу калегаў Ірыны Слаўнікавай і Сяргея Няроўнага.
«Беларускія ўлады павінны спыніць практыку забароны інфармацыйных агенцтваў і не павінны караць журналістаў за анлайн-узаемадзеянні з забароненымі выданнямі», — заявіў Камітэт па абароне журналістаў.
1 лістапада беларускія суды асудзілі двух журналістаў, Ірыну Слаўнікаву і Сяргея Няроўнага, паводле абвінавачання ў распаўсюджванні экстрэмізму ў сувязі з іх меркаваным узаемадзеяннем са старонкамі забароненых незалежных медыя-парталаў Белсат і Тут бай у Facebook.
Нагадаем, суд Першамайскага раёна горада Мінска пакараў Ірыну Слаўнікаву 15 суткамі арышту за рэпосты ў Facebook.
Суд Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці аштрафаваў журналіста-фрылансера Сяргея Няроўнага на 580 беларускіх рублёў за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а менавіта за лайкі да публікацый партала Тут бай у Facebook у 2020 годзе.
«Абвінавачанне журналістаў у экстрэмізме за тое, што яны проста ўзаемадзейнічалі са старонкамі Белсат і Тут бай у Facebook, — гэта новае дно, нават з улікам працяглых рэпрэсій беларускіх уладаў у адносінах да незалежнай прэсы, — кажа Гульноза Саід, каардынатарка праграм Камітэту абароны журналістаў (КАЖ) у Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Улады павінны неадкладна вызваліць Ірыну Слаўнікаву, не аспрэчваць скаргу Сяргея Няроўнага і спыніць пераслед прадстаўнікоў прэсы».
Улады Беларусі заблакавалі партал Тут бай у маі гэтага года, у жніўні — рызналі экстрэмісцкім (і створанае люстэрка сайта таксама), канал Белсат, а таксама яго сацсеткі прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем.
Таксама 28 кастрычніка ў Беларусі заблакавалі доступ да сайтаў нямецкай грамадскай вяшчальнай кампаніі Deutsche Welle і рускамоўнага медыя «Настоящее время», заснаванай вяшчальнай кампаніяй «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» і фінансаванай Кангрэсам ЗША, за распаўсюджванне матэрыялаў экстрэмісцкага зместу. 30 кастрычніка таксама заблакавалі доступ да пракрамлёўскага расійскага інфармацыйнага агенцтва Regnum.
Таксама ў Беларусі заблакаваны доступ да сайта БАЖ у Беларусі, заблакавалі і сайты беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза пісьменнікаў, ды іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія былі ліквідаваныя ў другой палове 2021 года.
Камітэт па абароне журналістаў звярнуўся па каментары ў Суд Першамайскага раёна Мінска, Суд Крычаўскага раёна і Міністэрства ўнутраных спраў, але не атрымаў адказаў.