Cтаршыня БАЖ Андрэй Бастунец: «Вельмі важна, каб беларускія зняволеныя журналісты не былі забытыя»
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец у інтэрв’ю Міжнароднай федэрацыі журналістаў расказаў пра сучасную сітуацыю ў сферы журналістыкі ў Беларусі, прааналізаваў умовы, у якіх знаходзяцца беларускія журналісты ў выгнанні, і падзяліўся вынікамі дзейнасці БАЖ у падтрымку сваіх калег.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Фота: БАЖ
Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла фатаграфічную выставу «Медыятурма ў цэнтры Еўропы», запланаваную ў межах Генеральнай асамблеі і пасяджэння Выканаўчага камітэта Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ), якія адбыліся з 9 па 11 чэрвеня ў канадскім Манрэалі. Мерапрыемства праводзілася ў супрацоўніцтве з членскай арганізацыяй Федэрацыі, Нацыянальнай федэрацыяй камунікацыі і культуры (FNCC-CSN).
— Беларусь цяпер з’яўляецца краінай-лідарам па колькасці зняволеных журналістаў у Еўропе. Апішыце, калі ласка, стан журналістыкі і свабоды СМІ ў краіне?
— Мінула ўжо чатыры з паловай гады з моманту жорсткага задушэння пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Аднак рэпрэсіі супраць грамадства, апазіцыі і журналістаў працягваюцца да сёння.
Аляксандр Лукашэнка, які кіруе Беларуссю ўжо больш за 30 гадоў, называе грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ «пухлінай», якую трэба выдаліць. У інтэрв’ю журналісту BBC ён заявіў: «…Мы выражам усіх паскуднікаў, якіх вы фінансуеце». Улады выконваюць гэты загад.
У Беларусі ліквідавалі амаль 2000 недзяржаўных арганізацый, у тым ліку Беларускую асацыяцыю журналістаў, якая з’яўляецца сябрам IFJ. Дзейнасць асацыяцыі была забароненая ў 2023 годзе.
Калі БАЖ працягнуў сваю працу ў выгнанні, нас абвясцілі экстрэмісцкім фармаваннем, а ўсе нашы камунікацыйныя каналы — сайт, сацсеткі, нават лагатып — былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Гэта сённяшняя рэальнасць амаль для ўсіх незалежных беларускіх СМІ. Ім даводзіцца працаваць у выгнанні, і на радзіме яны прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Але самае цяжкае для мяне і БАЖ — гэта людзі, якія аказаліся за кратамі. Сёння ў Беларусі за кратамі знаходзяцца амаль 40 журналістаў і супрацоўнікаў медыя. Яны атрымалі жорсткія прысуды — да 12 або нават 14 гадоў — толькі за выкананне прафесійных абавязкаў.
Паводле звестак арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», Беларусь — краіна з найбольшай колькасцю зняволеных журналістаў у Еўропе. Усяго ў Беларусі каля 1200 чалавек афіцыйна прызнаныя палітвязнямі, але гэтая лічба, хутчэй за ўсё, няпоўная.

Прадстаўнікі IFJ выказваюць салідарнасць з беларускімі зняволенымі журналістамі падчас Генеральнай асамблеі і пасяджэння Выканаўчага камітэта ў Манрэалі (Канада), 10 чэрвеня. Фота: БАЖ
Але я не хачу гаварыць толькі пра лічбы. Мне хочацца гаварыць пра людзей. Нават у найгоршых кашмарах я не мог уявіць, што столькі маіх добрых знаёмых і блізкіх сяброў — журналістаў і праваабаронцаў — акажуцца за кратамі.
— Пераслед і перашкоды для журналістаў з боку рэжыму Лукашэнкі не спыняюцца нават за межамі Беларусі. У якім становішчы знаходзяцца журналісты ў выгнанні?
— Нават выехаўшы з краіны, беларускія журналісты не могуць адчуваць сябе ў бяспецы, бо іх правы працягваюць абмяжоўвацца з боку дзяржавы. Напрыклад, яны не могуць прадаць сваю маёмасць у Беларусі, аўтамабілі ці кватэры, бо для здзяйснення такіх здзелак неабходная асабістая прысутнасць у краіне. Да таго ж, калі журналісты ў выгнанні вяртаюцца ў Беларусь, ім пагражае арышт.
Журналісты ў выгнанні таксама не могуць аднавіць свае пратэрмінаваныя пашпарты, бо амбасады спынілі выдачу пашпартоў грамадзянам, што жывуць за мяжой. Гэта наўпрост закранае ўсіх, хто ўцёк ад рэпрэсій. У выніку ўсё больш беларусаў, што жывуць за мяжой, маюць пратэрмінаваныя дакументы. А ўлады краін, дзе яны знаходзяцца, не заўсёды могуць дапамагчы ім у афармленні іншых дакументаў.
Беларускія ўлады ўсё часцей ужываюць «спецыяльную вытворчасць» як інструмент рэпрэсій. Яна дазваляе выносіць завочныя прысуды журналістам, актывістам і палітыкам, а таксама праводзіць канфіскацыю іх маёмасці ў Беларусі.
Сем’і выгнаннікаў падвяргаюцца ціску і пераследу. Крымінальная міліцыя праводзіць ператрусы, выклікае на допыты, пагражае пакараннем і выкарыстоўвае іншыя тактыкі.
— У 2023 годзе БАЖ была прызнаная «экстрэмісцкай» арганізацыяй і забароненая ў Беларусі. Што гэта азначае для арганізацыі? Як БАЖ дапамагае журналістам у выгнанні?
— Каб спыніць дзейнасць незалежных СМІ, улады працягваюць прымяняць антыэкстрэмісцкае заканадаўства. Большасць незалежных медыя і медыяарганізацый, у тым ліку БАЖ, былі прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі фармаваннямі. На пачатку 2025 года ў пераліку такіх фармаванняў налічвалася 257 арганізацый.
Забарона азначае, што кожны сябра і кіраўнік БАЖ падвяргаецца пагрозе крымінальнага пераследу ў Беларусі толькі за сваю дзейнасць па інфармаванні, адвакацыі і выказванні салідарнасці з калегамі.
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас адкрыцця форуму «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». 2 траўня 2025 года. Фота: БАЖ
Каб дапамагаць журналістам у выгнанні, каманда БАЖ арганізоўвае курсы па інфармацыйнай бяспецы, а таксама аказвае юрыдычную падтрымку і вядзе міжнародныя кампаніі ў абарону рэпрэсаваных.
— Што могуць зрабіць прафсаюзы і журналісты па ўсім свеце, каб падтрымаць беларускіх калег?
— Салідарнасць сёння значыць вельмі многа для беларускіх журналістаў. БАЖ працягвае «Марафон салідарнасці» з беларускімі журналістамі і супрацоўнікамі медыя, якія знаходзяцца ў зняволенні. З мая 2023 года гэтую ініцыятыву падтрымалі ўжо 43 разы ў 26 краінах, 35 гарадах і амаль на ўсіх кантынентах. Да кампаніі далучыліся IFJ, EFJ, IFEX, «Рэпарцёры без межаў», Global Affairs Canada, «Журналісты за правы чалавека» і іншыя.
Надзвычай важнай дапамогай было б садзейнічанне прафсаюзаў і журналістаў у арганізацыі вывазу і часовага прытулку для сем’яў зняволеных журналістаў, асабліва для іх дзяцей. БАЖ таксама вітае любую іншую магчымую падтрымку для ўзмацнення галасоў беларускіх журналістаў у краіне і выгнанні. Мы вельмі цэнім дапамогу.
— У межах Генеральнай асамблеі IFJ у Манрэалі БАЖ адкрые фотавыставу «Медыятурма ў цэнтры Еўропы». Раскажыце пра яе.
— Сёння амаль 40 журналістаў у Беларусі знаходзяцца за кратамі. Супрацоўнікі незалежных медыя атрымліваюць працяглыя тэрміны — 8, 13, 14 гадоў турмы — толькі за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. Улады называюць гэта «экстрэмісцкай дзейнасцю», «арганізацыяй масавых беспарадкаў» або нават «здрадай дзяржаве».
БАЖ працягвае нагадваць калегам па ўсім свеце пра жудасныя абставіны, з якімі сутыкаюцца незалежныя журналісты ў Беларусі. У свеце, дзе не спыняюцца войны і канфлікты, надзвычай важна, каб пра Беларусь, беларускія медыя і журналістаў, пазбаўленых волі, не забыліся — каб мы не зніклі з мапы свету.
Свет хутка змяняецца — войны, узброеныя канфлікты, эканамічныя крызісы. Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, няздольнасць міжнароднай супольнасці ўплываць на дыктатараў, беспакаранасць тых, хто душыць правы і свабоды. Усё гэта, на жаль, адсоўваецца на другі план.

Фатаграфічная выстава «Медыятурма ў цэнтры Еўропы». Фота: БАЖ
Фатаграфічная выстава «Медыятурма ў цэнтры Еўропы» — гэта крык пра дапамогу, скіраваны да міжнароднай журналісцкай супольнасці. Вельмі важна, каб кожны сябра БАЖ адчуваў салідарнасць калег і ведаў, што пра нас памятаюць.
Мы маем патрэбу ў падтрымцы глабальнай медыясупольнасці. Далучайцеся да нашых патрабаванняў вызваліць усіх журналістаў з беларускіх турмаў!
Трымаемся праўды, трымаемся разам.
Інтэрв’юерка: Наталія Керальт, спецыялістка IFJ па арганізацыі кампаній і камунікацыях.
