Для чаго журналісту сацыяльныя сеткі і як з імі працаваць? — у Слоніме адбыўся трэнінг Паўлюка Быкоўскага
Напярэдадні святочных выходных, 22 снежня, да слонімскіх сяброў БАЖ і журналістаў “Газеты Слонімскай” наведаўся вядомы беларускі журналіст і медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі.
“Сацыяльныя сеткі для…” — так сёння называецца папулярны ў журналістаў трэнінг спадара Быкоўскага.
З дзясятак чалавек з рэдакцыі “ГС” і не толькі сабраліся паслухаць госця. Бо і імя на слыху, і не так часта сталічныя мэтры спяшаюцца ў Слонім падзяліцца з намі сваім багатым досведам.
Крыху больш як за тры гадзіны Паўлюк паспеў:
Выкласці патрабаванні да стварэння віруснага кантэнту ў сацыяльных сетках, пачынаючы ад загалоўкаў, якія працуюць, і да выбару саміх вірусных тэм. Акрэсліў патрабаванні да аўтараў, якія прасоўваюць свае сайты праз сацыяльныя сеткі.
Патлумачыў, як рабіць пасты, якія будуць падыходзіць да розных сацыяльных сетак.
Расказаў, як здымаць і размяшчаць відэа ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», якімі прыстасаванняміі, прыладамі і праграмамі пры гэтым карыстацца і як лепш гэтае відэа ладаваць.
Распавёў, што тэмай для наўпроставай трансляцыі з месца падзеяў (стрыму) можа быць нават звычайная навагодняя ёлка альбо парады доктара, як правільна змагацца з абмаражэннем. Паводле Быкоўскага, зусім не абавязкова нагодай для стрыму мусіць быць “Марш дармаедаў”, нейкая іншая палітычная акцыя, альбо канцэрт Міхалка ў вашым горадзе.
Быкоўскі патлумачыў таксама, як часта і ў які час варта рабіць публікацыі ў сацыяльных сетках, каб іх убачыла як мага большая колькасць людзей, як карыстацца хэштэгамі, як зарабляць… І на гэтым блоку пытанняў час, адведзены спадару Быкоўскаму для слонімскай прэзентацыі скончыўся — трэба было спяшацца на маршрутку.
А нам засталося толькі прааналізаваць пачутае ды прымерыць яго на сябе, як інстукцыю да дзеяння ў сацыяльных сетках, ды падзякаваць Паўлюка за цікавую сустрэчу.
Што да аўтара гэтых радкоў, то я ніколі не скарыстаюся, хіба, толькі адной парадай спадара Быкоўскага — наконт паэзіі ў сацыяльных сетках. Посціў, пошчу і буду посціць свае вершы ў Facebook.
Фота аўтара