Дыпломы “За адданасць прафесіі” атрымалі журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй
8 верасня, у Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў, Гомельская філія ГА “БАЖ” падвяла вынікі конкурсу “За адданасць прафесіі”.
У конкурсе ўдзельнічалі сябры ГА “БАЖ” з Брэста, Гомеля, Мінска.
Арганізатары творчага спаборніцтва адзначылі злабадзённасць конкурсных публікацый і відэаматэрыялаў, а таксама тое, якіх высілкаў каштавала журналістам іх падрыхтоўка. З найбольшымі перашкодамі пры асвятленні розных сацыяльных тэмаў сутыкнуліся гомельскія журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй.
Куды б ні паехалі фрылансеры з відэакамерай – у Рэчыцкі, Нараўлянскі, Лоеўскі, Буда-Кашалёўскі, Рагачоўскі раёны, – іх амаль паўсюдна пераследавала міліцыя альбо наўздагон складала адміністрацыйныя пратаколы пра нібыта “незаконны выраб прадукцыі СМІ” (працу без акрэдытацыі на спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”).
Кастуся Жукоўскага сёлета судзілі 7 разоў (6 – па арт. 22.9 КаАП, 1 – па арт. 23.34 КаАП), Наталлю Крывашэй – 4 разы. Агулам яны мусяць сплаціць у бюджэт 55, 8 мільёна рублёў. “Своеасаблівым грашовым аброкам на свабоду слова” назваў такія штрафы адзін з брэсцкіх намінантаў на дыплом “За адданасць прафесіі”.
“За ўганараванне дыпломам Жукоўскага і Крывашэй прагаласавала большасць удзельнікаў сходу філіі. Адзін сябар быў супраць, яшчэ адзін устрымаўся. Перавагу аддалі гомельскім вылучэнцам таму, што яны пры выкананні прафесійных абавязкаў сапраўды зведвалі перашкоды, годна іх пераадольвалі, праявілі мужнасць, адстойваючы свае правы на прафесійную дзейнасць. Гэта адна з адметнасцяў і ўмоваў нашага конкурсу”, – кажа старшыня Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Анатоль Гатоўчыц.
У папярэднія гады дыпломамі “За адданасць прафесіі” ўганароўвалі незалежных журналістаў Таццяну Бублікаву і Алега Ражкова, Ларысу Шчыракову, Анатоля Санаценку, Мікалая Бянько і Юлю Сівец, Аляксандра Баразенку.