Дзянісу Івашыну ў турме не аддалі бандэроль з кнігамі
Жонка журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына распавяла, што кніжная бандэроль, якая ў турме №8 горада Жодзіна дазволена зняволеным усяго раз на год, нечакана вярнулася бацькам медыйшчыка.

Дзяніс Івашын. Фота: Радыё Свабода
Вольга Івашына ў сваіх сацсетках распавяла, што даслала мужу Дзянісу некалькі кніг у адной дазволенай на год кніжнай бандэролі.
— Там былі пару слоўнікаў і мастацкая літаратура. На цэлы год — гэта мізэрная колькасць, — скардзілася спадарыня Вольга.
Але напрыканцы красавіка тая бандэроль павярнулася бацькам Дзяніса.
— У лісце да мяне за 25 красавіка наш ваяр напісаў, што ягоную заяву на прыняцце кніжнай пасылкі адхілілі. Вядома, без аніякіх тлумачэньняў, — распавяла жонка палітвязня.
Нагадаем, што 12 сакавіка споўнілася тры гады, як журналіста змясцілі за краты. У гэты дзень у 2021 годзе Івашына затрымалі супрацоўнікі гродзенскага КДБ. У ягонай кватэры, на лецішчы і ў кватэры маці Дзяніса сілавікі правялі ператрус, а праз тры дні прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.
14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі агучыў прысуд: пазбаўленне волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Згодна з даведкай, атрыманай сваякамі з суда, Івашына асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор або распаўсюд дадзеных аб асабістым жыцці).
