Дзмітрый Жук пра адключаныя на «СБ» каментары: Гэта мая пляцоўка — і я павінен яе кантраляваць
Галоўны рэдактар «СБ. Беларусь сёння» Дзмітрый Жук у інтэрв'ю праграме «Маркоў. Нічога асабістага» расказаў, чаму адразу пасля прызначэння адключыў на сайце магчымасць каментавання.
«[Я адключыў каментары] цалкам асэнсавана. Што такое каментары на сайце і што такое сайт? Сайт — мая рэдакцыйная пляцоўка, і я як рэдактар не хачу мець дыскусію двух нейкіх нікаў, умоўна кажучы, Пятрова і Грамілы, якія вычвараюцца, ці прыкалваюцца, ці яшчэ нешта на маёй пляцоўцы. Гэта мая тэрыторыя, і я павінен гэту тэрыторыю кантраляваць. Але самае галоўнае не ў гэтым — я адказваю за гэту тэрыторыю.
Гэта не кажа пра тое, што няма зваротнай сувязі. Пад любым матэрыялам ёсць кнопка «звязацца за аўтарам». Ёсць матэрыял рэдакцыйны, газетны, і ёсць меркаванне чытача. Калі мы палічым гэта меркаванне цікавым, мы яго апублікуем, нават у газеце».