Дзяржтэлебачанне паказала сюжэт пра затрыманне заснавальніка незалежнага сайта Леаніда Гаравога
На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» 13 красавіка ў праграме «Панарама» выйшаў сюжэт «Как вливают средства на раскачку Беларуси в регионах и за сколько готовы продать Родину?» Ён быў прысвечаны Леаніду Гаравому — актывісту з Гарадка, што на Віцебшчыне, які многа гадоў запар займаўся развіццём рэгіянальных незалежных СМІ, выдаваў бюлетэнь «Гасцінец» і падтрымліваў дзейнасць інтэрнэт-сайта haradok.info.
У сюжэце дзяржаўнага тэлебачання былі выкарыстаны відэазапісы, зробленыя падчас ператрусу ў Леаніда Гаравога, які адбыўся 15 сакавіка: гледачам паказалі бел-чырвона-белыя сцяжкі і кнігі, знойдзеныя сілавікамі ў жыллі актывіста. А таксама фрагменты апытання ў пастарунку, дзе спадар Гаравы кажа, што мэтай ягонай дзейнасці было ўсталяванне дэмакратыі ў Беларусі. Ён не адмаўляе таго факту, што развіццю рэгіянальных незалежных СМІ спрыялі замежныя спонсары, і аўтарка сюжэту Марына Раманоўская называе гэта «продажам Радзімы».
Журналістка БТ ўвогуле на стрымліваецца ў выразах: Леаніда Гаравога яна характарызуе як «ярага прадстаўніка «старой апазіцыі», якая знаходзіцца «пад наглядам» замежных «куратараў», а рэгіянальныя СМІ дэмакратычнага напрамку, паводле Марыны Раманоўскай, пішуць на «патрэбныя гаспадарам тэмы». І «самыя смажаныя порцыі дэструктыву», на яе думку, публікуюцца напярэдадні нейкіх важных дзяржаўных падзей — як было з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года.
У відэасюжеце згадваецца і яшчэ адзін прадстаўнік журналісцкай супольнасці — Яраслаў Іванюк, адзін з кіраўнікоў «Беларускага Радыё Рацыя».
Марына Раманоўская падкрэслівае, што ён «этнічны паляк», здзекліва называе яго «панам» і сцвярджае, што менавіта ён перадаваў грашовыя сродкі Леаніду Гаравому, беручы справаздачы пра «колькасць дыструктыву». Пры гэтым журналістка дзяржаўнага тэлебачання зазначае, што Іванюк — гэта ўсяго толькі «адно са звёнаў ланцугу па распіле валюты», і сцвярджае, што да беларускіх «ідэйных» актывістаў даходзяць далёка не ўсе прызначаныя сродкі. Таксама Раманоўская ўгледзела ў падтрымцы незалежнага рэгіянальнага друку «след польскіх спецслужб», якія імкнуцца «раскачаць Беларусь».
Відэасюжэт сканчваецца пагрозамі, што ўсіх, праз каго робяцца «замежныя ўліванні», абавязкова знойдуць беларускія сілавікі. І дэманструецца «карцінка», як пенсіянера Леаніда Гаравога цягнуць пад рукі двое мажных міліцыянтаў.
Пасля ператрусу і апытання ў пастарунку спадар Гаравы адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту: 16 сакавіка суд Гарадоцкага раёна прызнаў яго вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.
Чытайце яшчэ:
Дзянісу Івашыну даходзяць толькі заказныя лісты
Международная защита, депортация, волонтерство и постоянная тревога. Бывшие политзаключенные рассказывают о жизни после освобождения
Российского политика Владимира Кара-Мурзу приговорили к 25 годам лишения свободы