Еўрарадыё: Рэдакцыя не парушала журналісцкую этыку. Адказ Марыне Гірын з ABBA
Віцэ-прэзідэнтка Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) накіравала ў Беларускую асацыяцыю журналістаў, Еўрапейскую федэрацыю журналістаў і Міжнародны інстытут прэсы зварот, датычны Еўрарадыё. Марына Гірын сцвярджае, што пры падрыхтоўцы артыкула “На ABBA падалі ў польскую пракуратуру” былі парушаныя яе правы, а таксама базавыя прынцыпы журналісцкай этыкі.
Рэдакцыя Еўрарадыё пасля вывучэння сітуацыі і тэксту звароту заяўляе, што ні падрыхтоўка артыкула, ні сам яго тэкст не парушае ні правоў Марыны Гірын, ні прынцыпаў журналісцкай этыкі.
Наадварот, звяртаючыся да спн. Гірын, Еўрарадыё зрабіла менавіта тое, чаго патрабуе журналісцкі этычны кодэкс: дало другому боку магчымасць пракаментаваць публічныя прэтэнзіі. Журналіст пры гэтым прадставіўся і назваў сваё медыя. Ён запытаўся, ці можа спн. Гірын пракаментаваць сітуацыю. У рэдакцыі ёсць скрыншоты гэтай перапіскі.
Тым не менш, спн. Гірын піша: “Я не давала згоды на запіс маёй размовы, я не давала згоды на публікацыю майго каментара, я не ведала, што да мяне звяртаецца менавіта журналіст Еўрарадыё. Ён не папярэджваў мяне пра тое, што тэлефонная размова будзе выкарыстаная або можа быць выкарыстаная для артыкула. Я ўспрымала пытанне як прыватную цікавасць чалавека, але ніяк не як афіцыйны каментар для СМІ”.
Просьба пра каментар з боку журналіста, які назваў сябе і сваё медыя, безумоўна, не з’яўляецца прыватнай цікавасцю.
Спн. Гірын у сваім звароце некалькі разоў згадвае запіс размовы, але не прадстаўляе ніякіх доказаў таго, што размова запісвалася журналістам.
Што да іншых заўвагаў спн. Гірын:
— рэдакцыя Еўрарадыё належным чынам правярае інфармацыю перад публікацыяй і абапіраецца на надзейныя, верыфікаваныя крыніцы. Артыкул, пра які ідзе гаворка, — не выключэнне;
— журналісцкі этычны кодэкс не забараняе медыям цытаваць посты з сацыяльных сетак. Аднак змест цытаты — гэта не пазіцыя і не заява рэдакцыі;
— артыкул Еўрарадыё не з’яўляецца спробай раздзьмуць скандал вакол дробнай гаспадарчай спрэчкі паміж двума суб’ектамі ці спробай ціснуць на ABBA, ці спробай нанесці шкоду дзелавой рэпутацыі ABBA і яе кіраўніцтву. Задача медыя не ў гэтым, а ў асвятленні падзеяў, якія выклікаюць грамадскі інтарэс. У нашым выпадку пра сітуацыю паведаміў сябра Каардынацыйнай Рады. Прэтэнзіі тычацца буйной арганізацыі беларусаў. Гэта ўжо з’яўляецца абгрунтаваннем важнасці тэмы;
— Аляксандр Кныровіч не з’яўляецца супрацоўнікам Еўрарадыё;
— рэдакцыя Еўрарадыё не нясе адказнасці за пералічаныя ў звароце спн. Гірын посты прыватных асобаў у сацсетках і за артыкулы, апублікаваныя ў іншых выданнях.
— артыкул Еўрарадыё не парушае журналісцкую этыку, не стварае канфлікта інтарэсаў і не парушае бесстароннасць, не спрыяе недобрасумленнай канкурэнцыі, не спрыяе распаўсюджванню ілжывых наратываў, не спрыяе распальванню нянавісці і варожасці, не спрыяе дыскрэдытацыі дзелавой рэпутацыі, не стварае пагрозу асабістай бяспецы спн. Гірын і яе сям’і.
Інфармацыю пра зварот Марыны Гірын, датычны Еўрарадыё, распаўсюдзілі сайт Reform.news і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Пры ўсёй павазе да калег, звяртаем увагу на тое, што па каментар рэдакцыі Еўрарадыё ніхто не звяртаўся, хаця распрацаваны БАЖ і падпісаны Reform.news Кодэкс аб этыцы патрабуе прадстаўляць пазіцыі ўсіх бакоў канфлікта, калі гэта магчыма.
