ЕФЖ вітае вызваленне беларускіх журналістаў
Еўрапейская федэрацыя журналістаў (ЕФЖ) вітае вызваленне беларускімі ўладамі 52 палітычных зняволеных, у тым ліку журналістаў, і патрабуе неадкладнага вызвалення яшчэ 27 прадстаўнікоў медыяў, якія застаюцца за кратамі.

Прэзідэнтка ЕФЖ Мая Север. Фота: Davor Pongračić / Cropix
У чацвер, 11 верасня 2025 года, беларускія ўлады вызвалілі 52 палітычных зняволеных розных нацыянальнасцей, сярод іх — 12 журналістаў і блогераў. Гэта адбылося пасля візіту ў Мінск прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла. У адказ Злучаныя Штаты абвясцілі аб адмене санкцый супраць дзяржаўнай авіякампаніі «Белавія» і аб разглядзе магчымасці паўторнага адкрыцця пасольства ЗША ў Мінску.
Згодна з абноўленымі дадзенымі Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Беларусі за кратамі ўсё яшчэ знаходзяцца не менш за 27 журналістаў.
«Мы, безумоўна, рады, што нашы калегі былі вызваленыя пасля таго, як былі несправядліва зняволены рэжымам Лукашэнкі па ілжывых абвінавачваннях, — сказала прэзідэнтка ЕФЖ Мая Север. — Але мы не можам задаволіцца гэтай паўмерай. Разам з БАЖ і нашымі польскімі філіяламі мы патрабуем неадкладнага вызвалення 27 журналістаў, якія застаюцца ў турме ў Беларусі, а таксама сотняў іншых нявінных грамадзян».
Паводле звестак «Вясны», у Беларусі за кратамі застаюцца амаль 1200 палітычных зняволеных.
