Экспертам БДІПЧ АБСЕ прадставілі вынікі маніторынгу СМІ
Прадстаўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прадставілі экспертам БДІПЧ АБСЕ вынікі перашага этапу маніторынгу асвятлення парламенцкіх выбараў у СМІ, які праводзіць арганізацыя.
Маніторынг СМІ стартаваў 4 ліпеня. Мэта маніторынгу — дапамагчы выбаршчыкам і журналісцкай супольнасці ўсвядоміць неабходнасць поўнага і ўсебаковага асвятлення выбарчага працэсу; важнасць прынцыпаў журналісцкай этыкі і міжнародных стандартаў; неабходнасць неперадузята інфармаваць выбаршчыкаў пра электаральны працэс, праграмы кандыдатаў і меркаванні іх прыхільнікаў і апанентаў.
Аб’ектамі даследавання з’яўляюцца цэнтральныя і рэгіянальныя тэле- і радыёканалы, друкаваныя выданні і вядучыя інтэрнэт-сайты. У прыватнасці праграмы “Панарама” (Беларусь 1), “Наши новости” (ОНТ), “Главный эфир” (Беларусь 1), “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё), “Навіны Сталіцы” (“Радыё Сталіца), “Віцебскі веснік. 7 дзен” (ТРК “Віцебск), “Навіны. Гомель” (ТРК “Гомель”), выданні “СБ.Беларусь сегодня”, “Народная Воля”, “Заря, “Intex-press”, “Комсомольская правда в Беларуси (“таўстушка”), “Газета Слонімская”, “Могилёвская Правда”, “Слонімскі веснік”, сайты www.tut.by і www.belta.by.
Вынікі першага этапу маніторынгу былі агучаныя ў Мінску 26 ліпеня.
— Выбарчаму працэсу дзяржаўныя СМІ надавалі ўвагі менш, чым прагнозу надвор’я. Ужо не кажучы пра спорт. У цэнтры ўвагі дзяржаўных медыя знаходзяцца не галоўныя дзеючыя асобы выбарчай кампаніі – патэнцыйныя альбо зарэгістраваныя кандыдаты, — а зусім іншыя структуры, якія займаюцца арганізацыяй выбарчага працэсу, — падсумоўвае кіраўнік групы маніторынгу ГА “БАЖ” Алесь Анціпенка.
Нагадаем, што місія БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі ў Беларусі распачала працу 2 жніўня. Як раней паведаміла журналістам кіраўнік місіі Тана дэ Зулуэта, ключавая каманда місіі, якая базуецца ў Мінску, уключае 11 экспертаў з 10 краінаў-сябраў АБСЕ, таксама ў Беларусь прыбудуць 38 доўгатэрміновых назіральнікаў з 13 краінаў.
З 11 жніўня яны раз’едуцца для назірання за выбарамі па ўсёй рэспубліцы. Як чакаецца, да дня асноўнага галасавання ў Беларусь прыбудуць яшчэ 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. На гэтым этапе да назірання далучацца і прадстаўнікі Парламенцкіх асамблеяў АБСЕ і Савета Еўропы, намаганні з якімі місія БДІПЧ АБСЕ плануе аб’яднаць у дзень выбараў.