Еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынка суда, каб падтрымаць Ігара Карнея
Перад пачаткам працэссу над Ігарам Карнеем каля будынка Мінскага гарадскога суда сабраліся дыпламаты ЕС, Аўстрыі, Нідэрландаў, Славакіі, Швецыі, Германіі, Польшчы і Вялікабрытаніі. Пра гэта паведамляецца на старонцы European Union in Belarus у Facebook.

Мінскі гарадскі суд. Фота: сацсеткі
Ігар Карней — адзін з 34 працаўнікоў СМІ, зняволеных у Беларусі.
«За апошнія 46 месяцаў улады ў Беларусі неправамерна арыштавалі дзясяткі тысяч, — гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. — Сёння колькасць палітычных зняволеных перавышае 1400. Паводле паведамленняў, многія з іх маюць цяжкія захворванні ці знаходзяцца ў стане, які пагражае жыццю, а ім адмаўляюць у належнай медыцынскай дапамозе. Многіх больш за год трымаюць у зняволенні без сувязі са знешнім светам.
ЕС заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных ды іх поўнай рэабілітацыі».
Нагадаем, 19 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся працэс у дачыненні да Ігара Карнея. Справу журналіста разбірае суддзя Сяргей Кацэр. Журналіста вінавацяць паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання з мэтамі здзяйснення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці). Санкцыя па гэтым артыкуле — абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў. Пад вартай Ігар Карней знаходзіцца ўжо 8 месяцаў.
