«Гэта не крызіс, гэта выміранне». Еўропа шукае новую стратэгію падтрымкі медыяў у выгнанні
Ці здольныя незалежныя медыі ў выгнанні выжыць ва ўмовах фінансавага крызісу? Як працаваць на Беларусь і адначасова стаць часткай медыярынку Еўразвяза? Гэтыя «балячкі» абмяркоўваліся на форуме «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ», які прайшоў 2 траўня ў Вільні. Сустрэчу арганізавалі БАЖ, Саюз журналістаў Літвы і Рада Еўропы.

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі беларускімі журналістамі падчас адкрыцця форуму «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». 2 траўня 2025 года. Фота: БАЖ
«Будучыня Еўразвяза залежыць ад падтрымкі якаснай журналістыкі»
Адной з галоўных тэм стала бяспека беларускіх журналістаў і медыяў. Не менш важнай была і размова пра тое, як выжыць беларускім медыям ва ўмовах эканамічнага крызісу. Ці можа дапамагчы выжыць інтэграцыя ў медыярынак краіны знаходжання.
Андрэй Рыхтэр, эксперт Рады Еўропы, выказаў уласнае меркаванне наконт далейшага лёсу медыяў у выгнанні. У тым ліку і беларускіх.
— Свабода больш крохкая, чым вы ўяўляеце сабе. Дапамога беларускім СМІ ў выгнанні — гэта мера экстраннай дапамогі. А экстранная сітуацыя не можа цягнуцца больш за пяць гадоў. Зараз шукаецца іншая стратэгія для падтрымкі СМІ ў выгнанні. Але яе пакуль няма.

Эксперт Рады Еўропы Андрэй Рыхтэр на форуме «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». 2 траўня 2025 года, Вільня. Фота: БАЖ
Эксперт звяртае ўвагу на тэндэнцыю сыходу журналістаў з прафесіі:
— Трэць журналістаў, якія прыехалі ў Еўропу па гуманітарных прычынах, ужо перайшлі ў іншыя сферы дзейнасці. Але гэта адбылося яшчэ да закрыцця USAID. Адпаведна, пасля знішчэння агенцтва адток павялічыцца яшчэ больш.
Андрэй Рыхтэр падкрэсліў, што ў Еўропе ўжо зробленыя «некалькі спробаў выйсці з гэтага тупіка», прынамсі, сам ён мадэраваў два круглыя сталы па гэтай праблеме.
Эксперт нагадаў, што з 8 жніўня 2025 года ўступае ў сілу закон аб свабодзе СМІ — гэта першы дакумент такога плана, прыняты праз дэзінфармацыю і прапаганду, у Еўразвязе. Гэты закон з’яўляецца толькі адным з інструментаў барацьбы з прапагандай і дэзінфармацыяй.
Андрэй Рыхтэр распавёў пра адметнасць закона, якую трэба ўзяць на ўзбраенне ўсім беларускім медыям:
— Закон дзеліць усе медыя на тры катэгорыі: якасныя, дрэнныя і ўсе астатнія медыясервісы. Ён адкрывае неабмежаваны доступ да якасных медыярэсурсаў на ўсёй тэрыторыі ЕС. Ёсць базавыя крытэры, па якіх можна вызначыць якасныя СМІ. У Бруселі створаная Рада па свабодзе СМІ, якая будзе ўключаць 26 чалавек — па адным нацыянальным рэгулятары з кожнай краіны ЕЗ. У сферу абавязкаў рады уваходзіць распрацоўка крытэраў, паводле якіх будуць вызначацца СМІ, мер па барацьбе з прапагандай і падтрымцы якасных СМІ.
Рада па свабодзе СМІ адначасова павінна выконваць «ролю грамадскага кантралёра — бараніць СМІ».
— Ніхто не застрахаваны ад памылак, але памылкі не павінныя быць сістэмнымі. Некаторыя медыі спяшаюцца друкаваць навіны, робячы памылкі, але галоўнае — не займацца распаўсюдам ілжывай інфармацыі, — адзначае Андрэй Рыхтэр. Эксперт раіць не баяцца прызнаваць свае памылкі і публікаваць абвяржэнні або ўдакладненні — прызнанне памылак не сведчыць пра слабасць медыя, наадварот.
Эксперт нагадаў, што ідэю якасных медыясэрвісаў прыдумала Рада Еўропы ў 2019 годзе. У 2022 годзе яна выдала рэкамендацыі па якаснай журналістыцы. Галоўнае — падтрымка і прасоўванне якаснай журналістыкі на мовах ЕС.
— Журналістыка памірае, гэта не крызіс, гэта выміранне, — сцвярджае Андрэй Рыхтэр. — Цяпер мы падыходзім да новай філасофіі: будучыня Еўразвяза залежыць ад падтрымкі якаснай журналістыкі. Журналістыка ў выгнанні ўпісваецца ў гэтую дэфініцыю. Вам толькі трэба гэта даказаць. Калі закон уступіць у сілу, вы можаце спадзявацца на падтрымку еўрапейскіх дзяржаў.
«Навошта яшчэ і грошы плаціць, каб вы гаварылі праўду?»
Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус перакананы, што якасным медыям быць вельмі няпроста:
— Любое медыя з прэтэнзіяй на якасную журналістыку ў Літве ніколі не мела, не мае і наўрад ці займее ўжо больш за 10 тысяч накладу. У краіне з насельніцтвам 2,5 мільёна чалавек 10 тысяч чытачоў — гэта максімум для якаснага кантэнту, — лічыць Дайнюс Радзявічус.

Старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус падчас форуму «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». 2 траўня 2025 года. Фота: БАЖ
Канешне, здараецца, што асобныя медыяпрадукты часам набіраюць сотні тысяч праглядаў. Але гэта рэдкасць.
— Калі нейкі суперпрадукт набірае, да прыкладу, 250 тысяч праглядаў — гэта клёва. Але давайце падлічым: 250 тысяч ад 2,5 мільёнаў жыхароў — толькі кожны дзясяты жыхар Літвы. І самае страшнае, што гэты кожны дзясяты і так усё ведае, яму не трэба чытаць, каб быць у курсе падзей. А вось тыя, каму сапраўды варта было б пачытаць ці паглядзець прадукт, сядзяць у фэйсбучных групах з грыбамі, рыбалкай і паляваннем.
Дайнюс Радзявічус разумее складаную фінансавую сітуацыю ў беларускіх медыях, якія часта спадзяюцца на падтрымку сваёй аўдыторыі. Але, паводле яго слоў, спажыўцы ва ўсім свеце паводзяць сябе прыкладна аднолькава:
— Пераважная большасць людзей плоціць не за якасць, а за задавальненне. То бок на гарэлку не шкада, а на абанемент у спартыўны клуб — навошта? Натуральна, ёсць людзі, якія не заданацяць на сур’ёзнае медыя ці платформу ніводнага еўра, а вось на порнасайт грошай не шкада, — іранізіруе Дайнюс Радзявічус. Але, як кажуць, у кожным жарце ёсць доля жарту.
— Якасныя медыі цалкам манетызаваць немагчыма. Менавіта таму з’явілася грамадскае вяшчанне: людзі плоцяць на месяц 20 еўра, але не наўпрост вяшчальнікам, а праз падаткі. Усе паважаюць оперу ці філармонію, а вось наконт якасных медыяў разважаюць прыкладна так: навошта яшчэ і грошы плаціць, каб вы гаварылі праўду?
Хто можа, той зарабляе на клікбейце, на манетызацыі, на рэкламе. А для ўсіх астатніх існуюць толькі два механізмы. Адзін — грамадскія грошы праз падаткі. Другі — фонды, якія падтрымліваюць якасны кантэнт. І вядома, ёсць пэўная катэгорыя людзей, якія гатовыя адшкадаваць 2 ці 20 еўра.
Станьце бачнымі. Станьце часткай медыярынку
У Літве ў 1996 годзе прыняты закон аб інфармаванні грамадства. У краіне створаная сістэма самарэгулявання медыяў: Кодэкс этыкі, камісія па этыцы, інспектар па этыцы. Далучаючыся да літоўскай сістэмы самарэгулявання, гулец прымае правілы гульні.
Эрнэст Алесін, праграмны дырэктар RADIO•R і кіраўнік Асацыяцыі СМІ на мовах нацыянальных меншасцяў, падзяліўся з прысутнымі рэцэптам, як беларускім медыям стаць часткай дыяспары ў Літве. І як частка дыяспары медыі ў выгнанні могуць разлічваць на падтрымку літоўскай дзяржавы.
Асацыяцыя СМІ на мовах нацыянальных меншасцяў аб’ядноўвае медыі, якія працуюць не на дзяржаўнай — літоўскай мове, а на мовах нацыянальных меншасцяў. Далучыўшыся да яе, і беларускія медыі маюць права на дзяржаўную падтрымку праз Фонд падтрымкі медыяў.

Праграмны дырэктар Radio•R Эрнэст Алесін. Фота: radior.lt
Эрнэст Алесін расказаў, як беларускія медыі могуць стаць часткай беларускай дыяспары і, адпаведна, разлічваць на фінансавую падтрымку.
— Калі вы пачалі прыязджаць у нашую краіну, мы думалі, што ўсё хутка закончыцца. Але прайшлі ўжо чатыры гады, — кажа Алесін. — Вы працуеце для Беларусі, але варта звярнуць увагу на краіну, у якой працуеце.
На фоне страты амерыканскай фінансавай падтрымкі праз USAID Эрнэст Алесін бачыць іншыя шляхі таго, «што можна рабіць і што трэба рабіць».
— Ёсць магчымасць стаць СМІ беларускай грамады, стварыць інтэграваную грамаду, не адмаўляючыся ні ад культуры, ні ад мовы. Але адначасна можна падымаць пытанні жыцця беларусаў у Літве, іхняй інтэграцыі, гаварыць пра звычайныя побытавыя праблемы. На наша радыё кожны тыдзень прыходзяць прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў, з якімі мы робім інтэрв’ю, спрабуем расказаць пра іхнія праблемы і турботы. Нам было б намнога прасцей асвятляць праблемы беларусаў у Літве, каб гэтыя людзі са сваімі праблемамі спачатку з’яўляліся ў медыях беларускай грамады, — разважае Эрнэст Алесін.
Як жа беларускім медыям звярнуць на сябе ўвагу літоўскіх калег? Механізм вельмі просты:
— Вы робіце першы крок, каб стаць бачнымі, каб стаць часткай медыйнага рынку.
Вы рэгіструеце сваё медыя на сайце Virsis.lt па заяўляльным прынцыпе (зарэгістраваць медыя можа не толькі юрыдычная асоба, але і фізічная. — БАЖ). Проста рэгіструеце медыя і ўказваеце канкрэтную фізічную асобу, з якой можна кантактаваць, ніякіх іншых юрыдычных дзеянняў ад вас не патрабуецца, — тлумачыць Эрнэст Алесін. – Вы далучаецеся да сістэмы самарэгулявання літоўскіх медыяў. Гэта дазволіць не толькі спытаць з вас пры парушэннях, а найперш абараніць вас, як абараняюцца літоўскія СМІ на тэрыторыі Літвы. Вы атрымаеце больш правоў, а ваш голас пачуюць.
Ужо сёння беларускія медыі могуць атрымаць фінансавую падтрымку з Фонда падтрымкі медыяў. Паводле спадара Алесіна, адно медыя атрымлівае такую дапамогу ўжо другі год.
— Выгнанне не азначае маўчанне. Мы верым, што кожны з вас нарэшце знойдзе сваю краіну, але дзеля таго трэба рабіць адпаведныя крокі. Беларускі голас мне як прадстаўніку яўрэйскай меншасці зразумелы. Але хто гаворыць гучна і дакладна, той будзе пачуты, — рэзюмаваў журналіст.
