Фатограф The New York Times зрабіў здымак Трампа, на якім бачна траекторыя кулі. Ён расказаў, як гэта атрымалася
Даг Мілз — вядомы амерыканскі фотакарэспандэнт, зараз працуе ў The New York Times. Ён здымаў кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа на мітынгу ў Пенсільваніі 14 ліпеня 2024 года. У адзін з кадраў трапіла куля, якая падчас замаху амаль не забіла Трампа, піша «Медуза».

Той самы кадр, на якім бачна траекторыя кулі. Фота: Даг Мілз / The New York Times
Даг Мілз распавёў, як змог зрабіць такі здымак. Па словах фатографа, падчас замаху ён стаяў перад сцэнай і здымаў Трампа буйным планам. Калі пачаліся стрэлы, ён спачатку падумаў, што пачуў гукі рухавіка машыны ці матацыкла.
«Я рабіў здымкі, калі пачаліся рэзкія гукі. І так атрымалася, што ў гэты момант мой палец быў на кнопцы фотаапарата. Я чуў гэтыя гукі і проста працягваў здымаць. Я не ведаў, ці патрапіла што-небудзь у аб’ектыў, але калі я загрузіў фатаграфіі ў свой наўтбук, я ўбачыў кулю, якая ляціць у яго галаву. Гэта дакладна была куля, таму што яе не было на папярэднім кадры і не было на наступным» — цытуе словы Мілза «Медуза».
Фатограф выкарыстоўваў лічбавую камеру Sony. Здымаў з вельмі кароткай вытрымкай 1/8000 — менавіта гэта дазволіла «злавіць» кулю ў кадр.

Метададзеныя здымка Дага Мілза. Фота: Instagram The New York Times
Былы супрацоўнік ФБР у каментары The New York Times заявіў, што шанец зрабіць такі здымак — «адзін на мільён». Нават калі выкарыстоўваць спецыяльныя камеры з ультракароткай вытрымкай і загадзя ведаць, калі будуць стрэлы. Эксперт адзначыў, што пры стральбе з вінтоўкі AR-15, якую выкарыстоўваў нападнік, куля ляціць з хуткасцю прыкладна 970 метраў у секунду. Гэта значыць пры вытрымцы 1/8000 за час, калі затвор камеры адкрыты, яна пралятае 10–15 сантыметраў.
Даг Мілз здымае амерыканскіх палітыкаў больш за 40 гадоў. У 1990‑х гадах ён, як фатограф Associated Press, атрымаў дзве Пулітцэраўскія прэміі — за здымкі першай перадвыбарнай кампаніі Біла Клінтана і за асвятленне скандалу з Монікай Лявінскі.
