Фатографу Дзмітрыю Брушко патрэбна дапамога
Фатограф, былы рэдактар фотааддзела Tut.by Дзмітрый Брушко распавёў на сваёй старонцы ў Facebook, што мае патрэбу ў падтрымцы.

Дзмітрый Брушко. Фота з яго старонкі Facebook
«Я адцягваў гэты пост, колькі мог. Цяпер вельмі шмат людзей шукаюць падтрымку, і ўвесь гэты час мне здавалася, што я змагу справіцца сам — на ўнутраным рэсурсе. Але прыйшоў момант, калі трэба прасіць аб дапамозе», — піша Дзмітрый Брушко.
«Мая камера — тая самая, што бачыла вельмі шмат у жыцці Беларусі і за яе межамі — канчаткова выйшла са строю. Яна занадта старая, і яе ўжо не бяруць у рамонт.
Падыходзіць да канца мой пашпарт. Для чалавека з маім бэкграўндам гэта няпростая праблема, якую без адваката ў Нямеччыне не вырашыць. Паслугі добрага юрыста мне зараз непад’ёмныя».
Дзмітрый прапануе тым, хто жадае падтрымаць, заказаць яго паслугі фатографа. Ён мае паспяховы досвед у стварэнні фотапраектаў, можа правесці фотаздымкі ў ЕС — ад вялікіх мерапрыемстваў да камерных партрэтных сесій.
Таксама можна заказаць яго архіўныя фатаграфіі, якія амаль 10 гадоў публікаваліся на TUT.BY, для інтэр’ераў.
Калі ў вас няма зараз патрэбы ў фотаздымцы ці праектах, але ёсць жаданне падтрымаць калегу, можна зрабіць данат праз buymeacoffee.com/brushko
«Або проста напішыце ў асабістыя — часам важней за ўсё простае чалавечае слова».
