Фермер і блогер з Гомеля не верыць у выпадковасць непраўдзівай інфармацыі, паказанай пра яго па тэлебачанні
Гомельскі рэгіянальны тэлеканал 6 мая паказаў сюжэт пра мужчыну, пакаранага зняволеннем за распаўсюд наркотыкаў. Паведамлялася, што наркатычныя рэчывы ён атрымліваў у Расіі, фасаваў і рабіў закладкі ў Гомельскай вобласці.
Нібыта паспеў збыць псіхатропы і, паводле следства, зарабіў на гэтым. Прозвішча асуджданага і тэрмін пакарання не называліся. Пры гэтым па тэлевізары паказвалі фотаздымак мясцовага фермера і блогера Юрыя Ганцэвіча — у клетцы ў судовай зале.
Юрый Ганцэвіч — удзельнік парламенцкіх выбараў 2019 года і прэзідэнцкіх выбараў 2020-га. Насамрэч яго не судзілі на падставе «наркатычнага» артыкула.
«Пасля выхаду гэтага рэпартажу я падаў скаргі куды толькі можна было. Прапаноўваў нават рэгінальнай тэлерадыёкампаніі запрасіць мяне ў студыю, каб паказалі, што ёсць вось такі фермер, і ніякі суд паводле «наркатычнага» артыкула мяне не судзіў. Звярнуўся таксама з заявай у міліцыю, каб распачалі крымінальную справу за паклёп», — расказвае Юрый Ганцэвіч.
Фермер дадае, што тэлерадыёкампанія адхіліла яго прапанову прынесці яму словы прабачэння непасрэдна ў студыі і не суадносіць ягоную асобу з судом за наркотыкі. Але ўжо 10 мая ў эфіры тэлевізія публічна выбачылася і паведаміла пра тэхнічную памылку ў «наркатычным» сюжэце.
«Не ведаю, перад кім тэлерадыёкампанія выбачылася за тэхнічную памылку. Відаць, перад тэлегледачамі, бо канкрэтна мяне не згадвалі, хоць фотаздымак у злашчасным сюжэце паказалі менавіта мой. Я не выключаю, што гэта была спецаперацыя, і «памыліліся» на тэлебачанні з чыёйсьці падказкі, каб прыструніць мяне і ўсялякую маю грамадскую актыўнасць», — зазначае Ганцэвіч.
Нядаўна фермер заявіў пра намер зарэгістраваць сваю палітычную партыю пад назвай «ЛДПБ Каза Машка». Праз такую партыю Юрый хоча «прадоўжыць справу памерлага Уладзіміра Жырыноўскага і дапамагаць бедным людзям». Пры гэтым ствараць хаўрус з партыяй Алега Гайдукевіча, які лічыўся паплечнікам Жырыноўскага ў Беларусі, Ганцэвіч не збіраецца. На яго думку, тая «ідзе нага ў нагу з уладай», а сам Гайдукевіч і яго бліжэйшыя паплечнікі «не трымалі рыдлёўкі ў руках».
Сваіх козаў і карову фермер ужо прэзентаваў на перадвыбарчых пікетах, калі вылучаўся ў дэпутаты падчас парламенцкай кампаніі, і збіраўся ў прэзідэнты на выбарах 2020 года, каб змагацца з «анархіяй чыноўнікаў» і быць «запасным варыянтам Ціханоўскага».
Паміж гэтымі электаральнымі кампаніямі фермера затрымлівалі ў краме будаўнічых матэрыялаў: абвінавацілі ў дробным крадзяжы, змясцілі да суда ў ІЧУ, а пасля аштрафавалі паводле двух пратаколаў на тры базавыя велічыні.
Атрымаў Юрый Ганцэвіч і адказ на свой зварот у міліцыю з нагоды рэпартажу з дэманстрацыяй яго фотаздымкаў.
Начальнік Цэнтральнага РАУС Гомеля Валерый Зданевіч 26 траўня паведаміў фермеру: «Па факту распаўсюду рэпартажу ТРК «Гомель» праведзена праверка. Кіруючыся п. 2 ч.1 арт. 29 і арт. 178 КПК Рэспублікі Беларусь, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. У дадзеным выпадку не праглядаецца склад злачынства, прадугледжанага арт. 188 КК Рэспублікі Беларусь (паклёп)».
Праверку праводзіў участковы, падпалкоўнік міліцыі Кацура. Ён пацвердзіў, што насамрэч у рэпартажы 6 мая паказалі «фотавыяву Юрыя Ганцэвіча», хоць ніякага суда за наркотыкі ў дачыненні Ганцэвіча «ніколі не было».
Як патлумачыла правяраючаму міліцыянеру намесніца дырэктара тэлерадыёкампаніі «Гомель» Алена Васілюк, з прычыны «тэхнічнай памылкі абсталявання(!) падчас дэманстрацыі рэпартажу ў прамым эфіры кампанія ажыццявіла паказ фотавыяў Ганцэвіча Ю. М.». Паводле слоў кіраўніцы, на падставе Закона аб СМІ 10 мая ў эфіры тэлерадыёкампаніі «было размешчана абвяржэнне інфармацыі пра Юрыя Ганцэвіча і дадзены тлумачэнні пра тое, што фотавыява дэманстравалася з тэхнічнай памылкі, і былі прынесеныя выбачэнні за выпадковую памылку».
Цяпер фермер і блогер Ганцэвіч шукае дасведчанага юрыста, каб падрыхтаваць пазоў у суд.