Фільм «Белсату» атрымаў узнагароду на кінафестывалі ў Познані
Шорт-фільм «Белсату» «Сваё месца» атрымаў бронзавую ўзнагароду 19-га міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно ў Познані (Польшча).
Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 25 стужак дакументалістаў з Польшчы, Беларусі, Швецыі, Кыргызстану, Мексікі і гэтак далей.
Шорт-фільм «Сваё месца» зняў адмыслова для «Белсату» рэжысёр Андрэй Куціла.

Рэжысёру Андрэю Куціле ўручаюць «Бронзавы замак» – узнагароду кінафестывалю ў Познані. Фота Лешэк Яньчак, facebook.com/festivaloffcinema
У фільме рэжысёр разважае на прыкладзе чалавека, што за свае сорак гадоў вырас толькі на 133 сантыметры, што значыць «быць іншым» і як гэтую іншасць успрымае грамадства. Андрэй Матушэўскі, жыхар вёскі Ражанка на Гарадзеншчыне, працуе акампаніятарам у Доме культуры ў суседняй вёсцы. Мясцовыя ўжо прызвычаіліся да выгляду чалавека дзіцячага росту, дый сам герой рэпартажу не пераймаецца са свайго спецыфічнага выгляду і не лічыць сябе ні горшым, ні лепшым за іншых.
Дакумент «Сваё месца» раней атрымаў таксама іншыя прэстыжныя ўзнагароды: галоўны прыз Міжнароднага фестывалю лакальных тэлеканалаў у Кошыцах (Славаччына), адзначэнне на Міжнародным фестывалі «Black & White» ў Партугаліі, спецыяльнае адзначэнне «за выдатную рэжысёрскую працу» на кінафестывалі ў Пярну (Эстонія).
Стужку Андрэя Куцілы «Госці», знятую адмыслова для «Белсату», нядаўна прызналі найлепшым дакументальным фільмам у Нацыянальным конкурсе міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».
