Фільмы «18+» дазволяць паказваць па тэлебачанні толькі з 24:00 да 6:00
Фільмы катэгорыі «18+» з 1 ліпеня 2017 года дазволяць паказваць па ТБ толькі з 24:00 да 6:00, паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Наталля Гурына.
«Цяпер ёсць інструкцыя, што фільмы катэгорыі **** («18+») павінны паказвацца не раней за 23:00 і не пазней за 4:00. З 1 ліпеня 2017 года нельга будзе паказваць прадукцыю «18+» з 6 раніцы да 24:00. Фільмаў з маркіроўкай «16+» гэта не датычыцца», — расказала Наталля Гурына.
Што датычыцца дэманстрацыі стужак з узроставай маркіроўкай «16+» і «18+» у кінатэатрах, то допуск гледачоў у залу кантралюецца ўжо цяпер.
«На ўсе фільмы, якія выходзяць у нас у публічны паказ, атрымліваецца дзяржаўнае рэгістрацыйнае пасведчанне, дзе ставіцца індэкс узроставага абмежавання. Кінавідэапракаты загадзя атрымліваюць неабходную інфармацыю па абмежаваннях. Калі фільм мае ўзроставае абмежаванне «16+», то глядач маладзейшы за 16 гадоў не праходзіць — такія правілы дзейнічаюць ужо цяпер. Гэта на сумленні кінатэатра — ён не павінен прапускаць асобы маладзейшыя за названы ўзрост», — растлумачыла Наталля Гурына.