Фінская журналістка: Беларуская гісторыя стала для мяне вельмі асабістай
Інгрыд Сванфельд з 2020 года падтрымлівае цесныя адносіны з беларускімі журналістамі і лабіруе праблему нашых палітвязняў у краінах Скандынавіі. Зараз калега з Фінляндыі вырашыла напісаць кнігу пра Беларусь у выгнанні. БАЖ паразмаўляў з журналісткай падчас яе прыезду ў Вільню.

Інгрыд Сванфельд і Барыс Гарэцкі ў офісе БАЖ. Фота: БАЖ
«Сустрэчы па аўторках: як тэлепатычная сувязь са зняволенымі»
— У 2015 годзе на семінары журналістаў-фрылансераў у Осла я пазнаёмілася з беларускай журналісткай Ларысай Шчыраковай. Мы шмат перапісваліся ў сацсетках, але не скажу, каб мы вельмі часта сустракаліся ўжывую. Але Беларусь з тых часоў перастала быць для мяне нечым абстрактным.
А потым прыйшоў 2020 год, у Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Мы з маёй універсітэцкай сяброўкай Алінай доўга думалі, чым можам дапамагчы беларусам у такой сітуацыі. У той час з‑за каранавірусу ўсе актыўнасці пераходзілі ў анлайн. У сеціве мы і распачалі сустрэчы: я са свайго боку сабрала знаёмых журналістаў, Аліна, якая не мае адукацыі медыйшчыка, запрашала сяброў, якіх у яе шмат сярод палітыкаў і грамадскіх актывістаў.
Першая анлайн-сустрэча адбылася 18 жніўня 2020 года. З таго часу мы ладзім сазвон штотыдзень, каб абмяркаваць, чым можам дапамагчы беларускім калегам у існуючых абставінах.
З цягам часу сустрэчы станавіліся ўсё больш папулярнымі, таму што Лукашэнка абмежаваў уезд замежных журналістаў у Беларусь. Да таго пандэмія каранавіруса абмежавала магчымасці людзей свабодна падарожнічаць. Таму нашыя сазвоны сталі добрай магчымасцю для замежных журналістаў атрымліваць хоць нейкую інфармацыю пра падзеі ў Беларусі.
Такі анлайны праходзілі ўсю восень. З часам гурт паменшыўся па аб’ектыўных прычынах. Але і зараз журналісты са Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Фінляндыі, а таксама палітыкі і грамадскія актывісты па-ранейшаму сустракаюцца з беларускімі калегамі анлайн.
«Часам я адчуваю сябе ў трусінай нары»

Сябра праўлення «Рэпарцёраў без межаў – Фінляндыя» Інгрыд Сванфельд і намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі ў музеі медыя Merkki каля стэнду, прысвечанаму беларускім журналістам-палітвязням. Хельсінкі, 8 жніўня 2024 года. Фота: БАЖ
— Спачатку мы са шведскай калегай арганізавалі адукацыйныя курсы з ролевымі гульнямі пра беларускую дыктатуру: хтосьці прызначаўся на ролю Лукашэнкі, хтосьці «таварышам маёрам з КДБ» — такім чынам мы распавядалі пра бяспраўе, якое адбываецца ў Беларусі. Гэта было цікава і пазнавальна, таму што мы заўсёды далучалі да гульні беларускіх журналістаў, якія выступалі экспертамі і маглі папулярна растлумачыць тое, што ж такое адбываецца.
Але ў час каранавіруса арганізоўваць такія курсы было складана. І тады з’явілася ідэя стварыць анлайн-гульню, заснаваную на нашым досведзе. Так з’явілася гульня «Як выжыць журналісту ў Беларусі». Гэта гульня аб дыктатуры ў Беларусі: гулец павінен прайсці ўсе ўзроўні і пры гэтым застацца жывым.
Фінскія журналісты стварылі гульню, у аснове якой аповеды Ларысы Шчыраковай і Яўгена Меркіса
Існуе 10 сцэнарыяў гульні, падчас якой можна не толькі гуляць, але і атрымаць інфармацыю аб рэальных падзеях 2020—2022 гадоў. У гульні скарыстаны кадры дакументальнай хронікі. Праўда, атрымлівалася не вельмі добра, таму што ў фінале гулец усё роўна аказваўся ў турме.
За гэтыя два гады мы сталі камандай, сталі бліжэй адзін да аднаго. Для мяне беларуская гісторыя стала вельмі асабістай. Пазней да нашых сустрэч далучыўся праваабаронца Леанід Судаленка, які выйшаў з турмы. Дарэчы, Леанід згадваецца ў анлайн-гульні пра дыктатуру. Ён з’ехаў з Беларусі ў Вільню два гады таму, я не змагла ўтрымацца і прыехала да яго. Я радыё- і тэлежурналіст, але, калі сустрэлася з ім, то не змагла ўстрымацца і зрабіла вялізны артыкул пра яго ў газеце Hufvudstadsbladet.
У выніку анлайн-сустрэч летам 2024 года ў Хельсінкі ў музеі медыя Merkki адкрыўся стэнд зняволеных беларускіх журналістаў. Ва ўстаноўленыя на сцяне скрыні ўсе наведвальнікі музея некалькі месяцаў запар маглі класці лісты палітзняволеным; восенню скрыні былі адкрытыя, а лісты адпраўлены адрасатам.
Выстава ў Хельсінкі — гэта мая ідэя. Першапачаткова яна палягала ў тым, каб правесці выставу ў лесе. Але пасля роздумаў мы прыйшлі да высновы, што ў цэнтры Хельсінкі мы прыцягнем нашмат больш увагі да праблемы беларускіх палітвязняў, чым у лесе. Гэтую акцыю мы арганізавалі разам з «Рэпарцёрамі без межаў» з Фінляндыі і Швецыі, Саюза журналістаў Фінляндыі, фінскага парламента і БАЖ.
— Гэта значыць, вы сталі лабістам беларускіх журналістаў у зняволенні ў Фінляндыі і нават больш — у краінах Скандынавіі?
— Але часам я пачуваюся ў трусінай нары і не ведаю, чым магу дапамагчы…
Кніга пра Беларусь у выгнанні: што гэта за праект?

Інгрыд Сванфельд адпачывае. Фота: з яе асабістага Facebook
— Чым выкліканы ваш цяперашні візіт у Вільню?
— У нас з Алінай нарадзілася ідэя напісаць кнігу пра Беларусь у экзайле. Гэта ўсё яшчэ план (смяецца), яшчэ няма выдаўца. Пакуль я зрабіла некалькі інтэрв’ю як даследчык праекта, паразмаўляла са Святланай Ціханоўскай для аднаго з фінскіх выданняў. Я спадзявалася, што за гэты тыдзень крыху падцягну рускую мову, але не атрымалася.
— А чаму руская, а не беларуская?
— Я ўжо пачала вывучаць рускую мову. На чарзе — беларуская і ўкраінская.

Інгрыд Сванфельд і Святлана Ціханоўская на роварным прабегу салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
— Выдаўца для кнігі пакуль няма, але яе ідэя ўжо аформілася?
— Мы хочам паказаць свету, як працуе Беларусь у выгнанні. Вы маеце прэзідэнтку-элект, медыя, беларускі бізнэс, НДА — вельмі цікава, як працуе сістэма. У вас ёсць Ціханаўская, урад, парламент — і гэта істотна адрознівае беларускую дыяспару ад іншых.
