«In Flama Ignis» ад фатографа Саргея Марозава
У Гродна адкрылася выстава "In Flama Ignis". У экспазіцыі — некалькі дзесяткаў здымкаў, на якіх паказаныя людзі, што працуюць з агнём — фаершчыкі і пажарныя. Падрыхтоўка выставы, як распавёў фатограф Сяргей Марозаў, заняла амаль год.
— Працаваць з фаершчыкамі было цяжка, бо не было вядома, які будзе вынік. Нават пасля здымкаў на фотаапараце немагчыма прагледзець апошні варыянт. Гэта ўжо пасля апрацоўкі на кампутары было бачна. Агонь — субстанцыя, якая цяжка падаецца ўтаймаванню. Падчас здымкаў часта ўзнікалі сітуацыі, калі не было вядома як павядзе сябе агонь, і даводзілася вырашаць праблемы пра якія нават не здагадваўся. Напрыклад, моцны вецер зносіць агонь у бок, а нам трэба, каб ён біў у адну кропку. Альбо набылі іншы тып железнай ваты, а яна па-іншаму распырсквае іскры. Пад гэта трэба падстройвацца. Яшчэ працавалі з пажарнымі і трэба было рабіць здымкі пад вадой. Вада надта хутка тушыць агонь і не атрымлівалася зрабіць вялікі вогненны шар.
Па словах прадстаўніка арт-праекта «FLASH» Роберта Міхайлюка, «In Flama Ignis» — “вельмі дзёрскі” ў плане мастацтва.
“На адзін здымак сыходзіла ад дзьвюх да трох гадзін. Бывалі дні, калі мы рабілі здымак дзьве гадзіны, а былі выпадкі, калі на адзін здымак трацілі і 5–6 гадзін. Усе фота рабілі ў начны час, таму можна сказаць, што апошні год у нас прайшоў у «прыцемках», — гаворыць Роберт Міхайлюк.
Завершылася адкрыццё выставы вогненным і піратэхнічным шоў, выступам ды-джэя.
Фота Андрэя Мялешкі і Марка Харла