«Такое можна ўбачыць толькі ў кіно». Эстонскі фатограф зняў навальніцу падчас паўночнага ззяння
Фатограф эстонскага метэаралагічнага агенцтва здолеў зняць разрады маланкі падчас паўночнага ззяння. Фатаграфіямі незвычайнага спалучэння прыродных з’яў ён падзяліўся ў сацсетцы X, заўважыў Telegraf.news.

Фота: Каір Кіцак
«Шчыра кажучы, я вельмі рады, але крыху засмучаны. Учора ўвечары мне ўдалося сфатаграфаваць і паўночнае ззянне, і асобныя навальніцы. На жаль, мае фатаграфіі аказаліся крыху не ў фокусе, наступным разам трэба быць больш уважлівым», — напісаў эстонскі фатограф Каір Кіцак у суправаджэнні да паста з фотаздымкамі ў Х.
Каментатары, аднак, не пагадзіліся і прыйшлі ў захапленне.
«Гэта сапраўдная фантастыка, гэта гром + паўночнае ззянне. Звычайна такое можна ўбачыць толькі ў кіно», — напісаў адзін з падпісчыкаў.
«Неверагодныя фатаграфіі! Убачыць гэта асабіста — неверагодны досвед!», — выказаўся яшчэ адзін каментатар.
«Гэтыя фота — адны з самых прыгожых выяў, якія я калі-небудзь бачыў», — захапіўся яшчэ адзін карыстальнік сацсеткі.
