Фотаздымак журналіста Сяргея Скулаўца змясцілі на стэндзе аб вышуку
Фотаздымак былога журналіста тэлеканала «Белсат» Сяргея Скулаўца змясцілі на міліцэйскім стэндзе сярод асоб, якія знаходзяцца ў вышуку «за здзяйсненне злачынстваў».

Фота: з сацсетак Сяргея Скулаўца
Абвестку пра вышук, размешчаную на стэндзе каля аддзела ўнутраных спраў Івацэвіцкага раёна, для Сяргея сфатаграфавалі знаёмыя. З арыентыроўкі вынікае, што супраць былога журналіста распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
«Як доўга вісіць абвестка, я не ведаю. Але найперш кінулася ў вочы, што там напісана “расшукваецца ў сувязі са здзяйсненнем злачынства” — нібыта я ўжо прызнаны вінаватым. З гэтага можна зрабіць толькі дзве высновы: ці міліцыянты не ўмеюць пісьменна фармуляваць свае думкі, ці насамрэч ужо адбыўся нейкі суд. Хаця мне пра гэта нічога невядома», — зазначае Сяргей Скулавец.
Таксама ён распавёў, што на мінулым тыдні супрацоўнікі міліцыі прыязджалі ў вёску Ябланка Івацэвіцкага раёна, дзе журналіст раней трымаў фермерскую гаспадарку. Міліцыянты паказвалі вяскоўцам ягоныя фотаздымкі, спампаваныя з інтэрнэта, і пыталіся, ці ведаюць яны такога чалавека, ці даўно яго бачылі і гэтак далей.
Прыблізна тыя ж пытанні задавалі і маці Сяргея Скулаўца. У мінулым месяцы жанчыну выклікалі ў Следчы камітэт. Пра канкрэтнае абвінавачанне нічога не прагучала, апроч таго, што яно нібыта «звязанае з “Белсатам”». Да таго сілавікі прыходзілі з ператрусамі да маці і бабулі былога журналіста. Пасля таго, як пад Новы год сілавікі зладзілі чарговы ператрус у 86-гадовай жанчыны, яна пражыла ўсяго некалькі тыдняў. Магчыма, адыгрыў сваю ролю атрыманы тады стрэс, мяркуе Сяргей.
Сяргей Скулавец пакінуў Беларусь у чэрвені 2023 года. Да гэтага некалькі гадоў непублічна супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат». Калі яго папярэдзілі, што чакаецца чарговая хваля рэпрэсій у дачыненні да журналістаў, яго сям’я вырашыла эміграваць і цяпер жыве ў ЗША. Ужо ў эміграцыі Сяргей Скулавец даў інтэрв’ю пра пераслед з боку ўладаў, свой ад’езд і жыццё ў Амерыцы.
