• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гэта быў КДБ». Вялікая размова з фотажурналістам Аляксандрам Васюковічам пра працу ва Украіне, СІЗА і эвакуацыю з Беларусі

    Вядомы беларускі фотажурналіст Аляксандр Васюковіч выехаў з Беларусі з дапамогай BySOL. Аўтар БАЖ сустрэўся з Аляксандрам у Варшаве і паразмаўляў пра тое, як змянілася жыццё фатографа пасля пратэстаў, пра працу ва Украіне, пра затрыманне і тое, як быць па іншы бок у залі судовага паседжання. 

    Аляксандр Васюковіч фотажурналіст

    Аляксандр Васюковіч. Фота: Face­book

    «Усё трэба пачынаць з нуля. Але ўсё адно лепей, чым сядзець у турме»

    Мы сустракаемся з Аляксандрам у адной з варшаўскіх кавярняў на правым беразе Віслы. Ён заходзіць у капялюшы і сонечных акулярах. Замаўляе амерыкана, кажа «дзенькуе» і мы пачынаем размову. 

    — Саша, як справы?

    Толькі выехаў. Я прыехаў у Варшаву ў нядзелю а 4‑й раніцы. Таму пакуль паспаў, адышоў, паспеў пашукаць сабе кватэру. Пакуль спыніўся ў сяброў. Нават наконт працы яшчэ нічога не даведаўся. 

    Аляксандра Васюковіча ў студзені 2024 года асудзілі па артыкуле 342 ч.1 КК РБ за ўдзел ў масавых беспарадках на 3 гады дамашняй «хіміі» – абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

    — Адчуваеш сябе ў бяспецы? 

    — Я бяспечна сябе адчуваў яшчэ калі з’ехаў з Мінску. А калі апынуўся ў Еўразвязе, то адразу ўсю трывожнасць як рукой зняло. Хаця, хутчэй за ўсё, гэта адкаціцца крыху назад, бо тут трэба будзе шмат чаго новага рабіць, усё пачынаць з нуля. Але ўсё адно лепей, чым сядзець у турме. 

    — Было адчуванне, што ты той чалавек, які будзе ў Мінску да апошняга. Цяжка было вырашыцца выехаць? 

    Я і сядзеў у Мінску да апошняга. Я не хацеў з’язджаць з Мінску. Мне ён падабаецца, я люблю Мінск. Я шмат на што мог бы заплюшчыць вочы, акрамя таго, што час ад часу ў нас не да законаў. 

    — Ці пачуваў ты, чалавек з фотаапаратам, бяспеку на вуліцах горада? Ці памяняўся Мінск за апошнія гады? 

    — Горад памяняўся. Ён не тое, каб стаў пусты, ён стаў стэрыльны. Усе ходзяць, усе аднолькавыя, ніхто нічога не выказвае. Людзі як жылі, так і жывуць. За тое, што ты ходзіш па вуліцы з фотаапаратам, мяне ні разу не тое, што не затрымлівалі, нават пытанняў ніхто не задаваў. 

    Але ўсё адно ты разумееш, што ставіш для сябе занадта шмат рамак, самацэнзуры, дзе ты можаш хадзіць з фотаапаратам, а дзе лепей не хадзіць. 

    «Праекты ў Мінску мне рабіць не хацелася, каб нікога не падставіць»

    — Ці здымаў ты нешта за гэты час? Можа ёсць новыя праекты? 

    — Я крыху здымаў у гэты час, але праекты ў Мінску мне рабіць не хацелася, каб нікога не падставіць і не падставіцца самому. 

    — Ты здымаў пахаванне Алеся Пушкіна. Я памятаю, якая напружаная сітуацыя была напярэдадні. Ці было гэта бяспечна для цябе? 

    — Там была міліцыя. Але я здымаў гэта выключна для сябе. Калі б я гэта камусьці прапанаваў, ніхто б не захацеў гэта публікаваць. А калі б я апублікаваў гэта недзе, акрамя свайго інстаграма, мяне б вылічылі. Хаця я прыняў меры, каб мяне нельга было адсачыць. Тым не менш, я лічыў, што раз я тут, то я еду, бо мяне гэтая смерць вельмі абурыла. 

    Што было для цябе самым складаным за гэтыя амаль тры гады, пасля таго як пачаліся пагромы рэдакцый і эміграцыя калег?

    — Чаканне: прыйдуць за табой ці не прыйдуць. 

    Так атрымалася, што сядзець ціха па клічы сэрца я не мог. Я ездзіў з Мінска ва Украіну праз Варшаву і кожны раз гэта магло скончыцца тым, чым скончылася. Зараз я разумею, што гэта быў не вельмі правільны выбар. Магчыма, я не настолькі, наколькі патрэбна, цаніў сваю свабоду. Але лепей навучыцца на сваіх памылках, калі не на чужых. 

    Ты маеш на ўвазе, што выезды ва Украіну маглі паспрыяць твайму затрыманню? 

    — Так, я думаю, што гэта і паспрыяла. Падчас вяртання з апошняй паездкі мяне вельмі доўга дапытвалі на мяжы. Потым выпусцілі і я паехаў дадому. А праз два тыдні прыйшлі дадому з вобшукам. 

    «Больш цікавіліся маёй працай ва Украіне»

    Як гэта было? 

    — Нехта званіў у дзверы, пакуль я яшчэ спаў. Але я не ўставаў. Потым мне патэлефанавалі на мабілу і сказалі, што трэба пад’ехаць у камітэт [КДБ – заўв. БАЖ] і паразмаўляць. Я пагадзіўся. Калі сабраўся і адчыніў дзверы, то мне паказалі пасведчанне. Гэта быў КДБ.

    Са мной усе вельмі культурна размаўлялі. Вельмі культурна праводзілі вобшук – нічога не параскідвалі, ніхто не пагражаў і не біў. Але ўсё роўна гэта не вельмі прыемна. 

    Фотажурналіст Аляксандр Васюковіч вайна ва Украіне

    Аляксандр Васюковіч ва Украіне. Фота: з сайта mediazonaby.com

    Што яны казалі? 

    — Што праводзяць вобшук па вялікай справе, якую завялі 9 жніўня 2020 года аб масавых беспарадках. Паказалі пастанову на вобшук ад следчага камітэту.

    Ці была з боку КДБ цікавасць да твайго фотаархіву? 

    — Яны больш цікавіліся маёй працай ва Украіне. Узялі блакнот, дзе былі запісы, камп’ютар, дыскі і флэшкі, якія былі дома. А таксама арыгіналы раздрукаваных фатаграфій з майго праекту «Фота на памяць», якія былі дома. Але потым усё вярнулі. 

    Да іх трапіла невялікая падборка апублікаваных фатаграфій, з якімі я працаваў, каб высылаць на конкурсы і выставы. 

    Ты адразу зразумеў, што трапіш у СІЗА? 

    — Не тое, каб адразу. Але я думаў, што хутчэй за ўсё так і будзе. 

    Спачатку я быў на Акрэсціна. А потым мне прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 342 частцы 1 на падставе фотаздымкаў акцый, якія я рабіў, стоячы на праезнай частцы. 

    Родныя прасілі журналістаў не пісаць пра тваё затрыманне. Чаму вы абралі такую тактыку? 

    Мы вырашылі з адвакатам, што галоўнае для нас – выйсці на хатнюю «хімію» ці на «хімію» з накіраваннем. Бо сядзець у турме з‑за прынцыпаў я ня бачыў ніякага сэнсу. 

    Я не ведаю, ці дапамагло гэта. Але не хацелася, каб гэта [публічнасць] магло даваць падставу для паказальнага суду. 

    Як і з кім ты сядзеў у камеры?

    — Спачатку я заехаў на «шанхай» і прабыў там каля месяца. А потым гэтую частку турмы ўвогуле закрылі назаўсёды, таму што там вельмі вялікая шчыльнасць людзей на адну камеру. Нас усіх перавялі ў іншыя. Я трапіў у іншую камеру з парай чалавек, з якімя я быў на «шанхаі». У новай камеры палітычных было адсоткаў 40. Другая найбольш вялікая група – гэта тыя, чыі артыкулы звязаныя з наркотыкамі, а таксама з махлярствам. 

    Як ты бавіў час у камеры? 

    — Чытаў кніжкі, маляваў. У нас нават быў тэлевізар, але я не вельмі любіў яго глядзець. Першы час мяне гэта ўсё крыху раздражняла. Але ён шмат каму дапамагаў, як мне дапамагалі кніжкі. А ўжо потым я прывык. 

    Я чытаў там ад мастацкай літаратуры, Керуака, Паланіка і Сэленджэра, да кніжак Стывена Хокінга і Махатмы Гандзі. Крыху маляваў на турэмную тэму, крыху перамалёўваў партрэты людзей з кніжак, якія там былі, напрыклад Гандзі, Хантэра Томсана. Можна было хадзіць на прагулкі, парабіць нейкія фізічныя практыкаванні ў камеры. Стараўся рабіць іх хаця б праз дзень, праз два. 

    Ці даходзілі да цябе лісты?

    Лісты даходзілі толькі ад блізкіх людзей. І ад сяброўкі два прыйшло ў самым пачатку. Потым перасталі. Усе пісалі, што сумуюць і спадзяюцца на лепшае. Я дасылаў малюнкі, якія маляваў. 

    13 дзён у карцары

    Стаўленне ў СІЗА да цябе было як да палітычнага?

    У СІЗА на Валадарцы значна лепей ставяцца да людзей, чым на Акрэсціна. Але ёсць адна гісторыя. Адзін з канваіраў узяў за сістэму пісаць на мяне рапарт, нібыта я сплю, калі было нельга, хаця я не спаў. Мне ўсе казалі, ад супрацоўнікаў да сукамернікаў, што трэба гэта прызнаць і дадуць [пакаранне] па-мінімуму, казалі пра трое сутак у карцары. У выніку начальнік турмы паглядзеў на мой артыкул і выдаў мне 17 сутак. У астатнім я не бачыў розніцы ў стаўленні да мяне як да палітычнага. 

    17 дзён у карцары – як гэта? 

    — Слухай, ну ты сядзіш і заганяешся ўвесь час у гэтым карцары. Калі ў цябе трывожны разлад, то гэта не вельмі прышпільна. Пачынаеш бачыць нейкія малюнкі ў плямах на сценах. А калі ты ў карцары даведваешся, што ў цябе суд праз 10 дзён, то ўвогуле становіцца не вельмі прыемна. Ты не можаш сябе нічым заняць, акрамя як сядзець і думаць пра тое, што будзе. 

    Але тут таксама гісторыя пра стаўленне да палітычных. Я напісаў заяву на начальніка медчасткі, што я сябе вельмі дрэнна адчуваю ў псіхічным стане перад судом. Я папрасіў выпусціць мяне з карцару за два дні да суду, а калі мяне асудзяць на калонію, то я туды вярнуся. Мне пайшлі насустрач. Правёў у спакойнай абстаноўцы ў камеры са знаёмымі людзьмі гэты час, падрыхтаваўся да суду. 

    У выніку я правёў у карцары 13 дзён.

    Суд над Аляксандрам Васюковічам у верасні 2020 года. Фота: «Радыё Свабода»

    Раскажы пра дзень суда. Ты шмат разоў здымаў судовыя паседжанні і людзей у клетцы. Як яно было па той бок? 

    — Гэта вельмі адрознівалася ад таго, калі я здымаў у судах. Там быў натоўп, увесь паверх быў заняты. Мы пхаліся, каб зайсці. А зараз прыйшлі літаральна мае бацькі. Ніхто не здымае, нікога няма. 

    Было крыўдна з‑за гэтага? 

    — Ды не, чаму крыўдна? Большасць маіх сяброў даўно з’ехала. Ніхто не хоча рызыкаваць і я гэта цалкам разумею. Людзям лепей не адсвечваць, калі яны сабраліся спакойна дасядзець у Беларусі. Таму ні пра якую крыўды не можа ісці размовы. 

    Суд паставілі на паўтары гадзіны, але толькі 40 хвілін зачытвалі абвінавачванне. Таму працяг быў на наступны дзень. 

    І што там зачытвалі ўсе гэтыя 40 хвілін?

    — Што я хадзіў па дарозе шмат разоў. 

    Гэта ўсё за 9 жніўня 2020 года? 

    — Не, за шмат эпізодаў. 

    Першапачаткова табой зацікавіліся з‑за паездак ва Украіну, а потым з’явіўся артыкул пра ўдзел у масавых беспарадках? 

    — Калі я знаёміўся з матэрыяламі справы перад судом, я ўбачыў, што падставай для майго затрымання сталі аператыўныя дадзеныя аб маёй ранейшай супрацы з незалежнымі СМІ. То бок я пра гэта не ведаў адразу.

    «Мне хацелася толькі з’ездзіць з палатачкай на Іслач»

    Ты агулам правеў у СІЗА каля трох месяцаў. Наколькі за гэты час ты выпаў з інфармацыйнай прасторы? Было адчуванне, што за гэты час нешта змянілася? 

    — Я быў на Акрэсціна і ў СІЗА без пяці дзён тры месяцы. Калі выйшаў, то нічога не змянілася. У СІЗА хоць і крыва-коса, але можна паглядзець, што адбываецца ў свеце. Гэта будзе расказана з іншага боку, але ты можаш падзяліць на два. 

    Ці былі ў цябе нейкія праблемы са здароўем у СІЗА ці пасля яго? 

    — У СІЗА ў мяне здарыўся прыступ перыядантыту на пярэднім зубе, які я не далячыў, выязджаючы з Варшавы [пасля вяртання з Украіны]. Пакуль я ў Мінску стаяў у чарзе, мяне загрэблі. І што я магу сказаць? Мне гэты зуб з СІЗА вылечылі. Я быў чатыры разы ў стаматолага. Ён быццам зразумеў, як мне балюча і зрабіў гэты зуб. Я потым правяраў, ці трэба нешта перарабіць, але сказалі, што ўсё добра. Так, прыйшлося пачакаць пэўны час – гэта не так, што ты напісаў і адразу трапіў да стаматолага. 

    На шчасце, у здароўі я нічога не згубіў, мне падаецца, хаця я і не правяраў. 

    Аляксандр Васюковіч. Фота: «Наша Ніва»

    Калі ты выйшаў, што зрабіў адразу? 

    — Абняў усіх, хто прыйшоў і потым мы паехалі дадому. Вечарам пайшлі ў бар. 

    Тэрмін, які ты атрымаў, супаў з тым, што прасіў пракурор? 

    — Так. Мы прасілі менш. Але ў выніку далі 3 гады хатняй «хіміі». 

    Калі агучылі прысуд, у цябе былі думкі, што трэба ехаць? 

    — У мяне гэтыя думкі былі адразу, як я трапіў на Акрэсціна, што мне трэба ехаць, як я выйду, і пофіг, што будзе. 

    Але за той час, пакуль я пабыў на свабодзе і чакаў свайго выезду, гэта ўпэўненасць наадварот губляецца, і ты ўжо не ўпэўнены, што атрымаецца знайсці працу, як ты будзеш жыць і гэтак далей. 

    Доўга чакаў выезду? 

    — У мяне не было пашпарту. Яго забралі пры вобшуку і маглі аддаць толькі пасля таго, як вырак набудзе моц. А яшчэ я падаў апеляцыю, каб у мяне быў час парабіць нейкія справы. Пасля таго, як вырак набыў моц, я не адразу знайшоў свой пашпарт. Потым яго давялося памяняць. Таму ўсё зацягнулася даволі надоўга. 

    Ці было нейкае развітанне з сям’ёй, сябрамі і месцамі?

    Мне хацелася толькі з’ездзіць з палатачкай на Іслач, на адно з маіх улюбёных месцаў. Я гэта зрабіў. Літаральна перад выхадам на маршрут я заставаўся адзін дома. Таму сабраўся і пайшоў. 

    «Пакуль што я як сляпое кацяня»

    Якія планы на бліжэйшы час? Можа хочацца адпачыць?

    Я адпачываць проста закалупаўся ў Менску! Планы на бліжэйшы час — зняць кватэру ў Варшаве і высветліць, што з працай, якая была ў мяне да таго, як я сеў у турму. 

    Аляксандр Васюковіч, вайна, Украіна

    Фота Аляксандра Васюковіча. Здымак з сайта vasukovich.com

    Мне хацелася б працягнуць і далей здымаць тое, што я здымаў і што цікава для мяне – гэта вайна ва Украіне і барацьба украінцаў за іх незалежнасць, тое, які яны плацяць кошт за гэта. Але пакуль я не ведаю як гэта рабіць. Калі ў цябе ёсць заробак, ты можаш адкласці грошы і паехаць здымаць свае праекты. Але зараз усе новае. Пакуль што я як сляпое кацяня – ёсць намеры, а як канкрэтна гэта рабіць, я высвятляю. Таму буду ўдзячны ўсім за любую дапамогу. 

    Я ж фатограф-дакументаліст – вось гэта я ўмею рабіць. Магу чыніць матацыклы Hon­da Transalp, як у мяне (смяецца). Мне патрэбна праца, каб плаціць па рахунках, каб ездзіць ва Украіну. Ну і патрэбны грошы на першы час, пакуль не знайду працу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці