Фотажурналіста «Новага Часу» Дзмітрыя Дзмітрыева дапрасілі ў СК
Фотакарэспандэнт газеты «Новы Час» Дзмітрый Дзмітрыеў быў на допыце ў Следчым камітэце ў якасці падазраванага па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Пасля допыту Дзмітрыеў сказаў, што "ўсё прайшло спакойна".
Дзмітрый мяркуе, што цяпер ідуць допыты ўсіх, хто адмовіўся даваць паказанні пасля затрымання 1 лістапада 2020 года.
Нагадаем, 1 лістапада ў Мінску адбываўся пратэстны марш да Курапатаў — месца расстрэлу, пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Па шляху да Курапатаў сілавікі шмат разоў разганялі натоўп. Былі затрыманыя, пацярпелі і журналісты.
Дзмітрый Дзмітрыеў распавёў следчаму, што працаваў у той дзень як фотажурналіст, меў пры сабе дакументы, быў абазначаны, як журналіст, на праезджую частку не выходзіў.
Дзмітрый кажа, што далей або з яго мусяць зняць падазрэнні па крымінальнай справе, або будуць прад’яўляць абвінавачванне.