Францыя заклікае Беларусь вызваліць Аксану Колб ды іншых пазбаўленых волі журналістаў
Французскае міністэрства Еўропы і замежных спраў выступіла з заявай, у якой заклікае беларускія ўлады вызваліць галоўную рэдактарку «Новага Часу», а таксама ўсіх зняволеных беларускіх медыйшчыкаў.
«Францыя выказвае шкадаванне з нагоды арышту беларускай журналісткі Аксаны Колб — галоўнай рэдактаркі газеты «Новы час» — і прад’яўлення ёй абвінавачвання 22 красавіка, — гаворыцца ў звароце французскай дыпламатыі. — Гэтая працэдура з’яўляецца яшчэ адной ілюстрацыяй палітыкі рэпрэсій, якая працягваюць праводзіцца беларускімі ўладамі ў дачыненні да незалежных СМІ і любых формаў процідзеяння нелегітымнаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Мы вітаем прыхільнасць спадарыні Аксаны Колб, а таксама ўсіх незалежных беларускіх журналістаў справе забеспячэння права беларусаў на дакладную і правераную інфармацыю.
Францыя заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення спадарыні Аксаны Колб, а таксама 26 іншых журналістаў, якія ў цяперашні час утрымліваюцца ў Беларусі».
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала рэдактарку «Новага Часу» Аксану Колб палітычнай зняволенай. На сёння ў краіне 1144 палітвязняў.
Аксану Колб затрымалі сілавікі 20 красавіка і змясцілі пад варту па абвінавачванні ў парушэнні арт. 342 ч. 1 Крымінальнага кодэксу.
Крысціна Бандурына: У нас забралі сэрца — наўмысна, спадзеючыся, што без яго ўсё скончыцца
Затрыманне рэдактара Аксаны Колб: Целазрухі ўлады ў спробах «нармалізацыі адносінаў» у чарговы раз натыкнуліся на супрацьдзеянне сілавікоў?