Фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык ня выйшаў на волю пасьля 20 сутак арышту
15 сьнежня меўся выйсьці на волю фрылансэр Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык.
Яго двойчы пакаралі арыштам агульным тэрмінам 20 сутак.
25 лістапада Андрэй Кузьнечык перастаў выходзіць на сувязь. Неўзабаве стала вядома, што яго затрымалі і правялі ў кватэры ператрус, а самога зьмясьцілі ў менскую турму на Акрэсьціна.
На наступны дзень Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у “дробным хуліганстве” і пакараў 10 суткамі арышту. Сваёй віны на працэсе ён не прызнаў.
6 сьнежня Андрэй Кузьнечык мусіў вызваліцца пасьля адбыцьця пакараньня, але замест гэтага яму прысудзілі яшчэ 10 сутак арышту, зноў нібыта за «дробнае хуліганства». Віны фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не бяруць.
Андрэй Кузьнечык філёляг паводле адукацыі, заўзяты раварыст. У іх з жонкай Алесяй двое малых дзяцей.
З нагоды другога выраку Андрэю Прэзыдэнт Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Джэймі Флай заявіў:
«Падаўжэньне тэрміну пакараньня Андрэя паводле абсурдна сфабрыкаваных абвінавачаньняў само па сабе павінна разглядацца як злачынства. Выкраданьне Андрэя, арганізаванае дзяржавай, працягваецца, і гэта яшчэ адзін з крокаў рэжыму Лукашэнкі дзеля таго, каб заблякаваць доступ незалежнай інфармацыі да беларускага народу. Андрэю павінна быць дазволена вярнуцца да сваёй сям’і неадкладна».