Фрылансер заступіўся за блогера, і яго аштрафавалі на 735 рублёў
2 траўня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алеся Восіпава аштрафавала журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага на 30 базавых велічыняў (735 рублёў). Ён у чарговы раз прызнаны вінаватым ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ — паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
Судовае разбіральніцтва пачалося яшчэ 26 красавіка і было перанесенае на сёння, каб удакладніць у міліцыі недарэчнасць. У пратаколе ўказвалася, што Жукоўскі ў перыяд з 5 па 7 сакавіка на вуліцы Кніжнай праводзіў інтэрв’юраванне відэаблогера Паўла Главацкага, гамельчукоў Віталя Шулькіна і Альберта Апекуна, а пасля нібыта вырабіў відэасюжэт і нават размясціў яго ў праграме “Аб’ектыў” на польскім спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”.
Яшчэ на мінулым пасяджэнні Жукоўскі патлумачыў суду, што не рабіў відэаздымкаў менавіта на вуліцы Кніжнай. А відэаблогер – гэта ягоны сябра. Яны сустракаліся, пілі ліманад, размаўлялі, запісвалі адзін аднаго на відэакамеру. Аднак, па словах Жукоўскага, гэта дакладна было не на вуліцы Кніжнай, а ў яго дома альбо на Рэчыцкім праспекце.
У адрозненне ад папярэдняга слухання, калі міліцыя падала ў суд дыск з запісам сюжэту, на якім быў толькі гук, гэтым разам на агляд пададзены сюжэт з тэлеканала “Белсат” пад назвай: “У Гомлі трапіў пад ціск блогер, які засудзіў ДАІшнікаў”. У ім расповед акурат пра блогера Главацкага, на якога пасля выйгранага суда ціск з боку міліцыянтаў абрушыўся яшчэ з большай сілай. Відэасюжэт выраблены журналісткай Таццянай Уласенка, у ім скарыстаныя і відэаздымкі з Гомеля.
На падставе гэтага відэасюжэту суд і аштрафаваў фрылансера. Жукоўскі на пасяджэнні не прысутнічаў. Ён яшчэ ў красавіку, атрымліваючы позву, напісаў, што не зможа 2 траўня прысутнічаць на судзе, паколькі праходзіць медычную камісію ў сувязі з прызывам на вайсковыя зборы. Пра штраф даведаўся ад судовага сакратара.
Адміністрацыйнае пакаранне фрылансер мае намер абскардзіць у абласным судзе.